Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускi дэмакратычны рух атрымаў «Данiну адвазе дзеля дэмакратыi» 10:46, 09/02/2004
1-4 лютага сёлета адбылася 3-яя Асамблея Усясьветнага руху за дэмакратыю. Рух, заснаваны ў 1999 годзе, сёньня аб`ядноўвае сотнi арганiзацыяў i тысячы змагароў за свабоду й дэмакратыю з усiх кантынэнтаў. Яго асамблеi адбываюцца ў краiнах, якiя няпростым шляхам дайшлi да дэмакратычнага ладу (на гэты раз у Паўднёвай Афрыцы). У аргкамiтэт Усясьветнага руху за дэмакратыю ўваходзяць вядомыя барацьбiты за правы чалавека Сяо Цянь (Кiтай), Iрэна Лясота (Польшча/ЗША), Генаро Ар`ягада (Чылi), Аё Обэ (Нiгерыя), Крыстафэр Ляндзбэрг (Паўднёвая Афрыка) i iнш. На заключнай урачыстай сэсii беларуская дэлегацыя рашэньнем Аргкамiтэту была ўганараваная галоўнай узнагародай Руху -- "Данiнай адвазе дзеля дэмакратыi".
Сярод паўтысячы ўдзельнiкаў 3-яй Асамблеi былi старшыня Партыi БНФ Вiнцук Вячорка й намесьнiк старшынi Алесь Мiхалевiч, лiдэр Беларускай асацыяцыi журналiстаў Жана Лiтвiна, спэцыялiст у грамадзянскай адукацыi моладзi Максiм Чарняўскi. Яны выступалi з дакладамi й паведамленьнямi на шматлiкiх тэматычных паседжаньнях Асамблеi, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.
У тэксьце "Данiны адвазе" гаворыцца:
"Мiрная барацьба за дэмакратыю вымагае адвагi, непахiснасьцi й адданасьцi каштоўнасьцям унiвэрсальных правоў чалавека, плюралiзму й улады закону. Тыя, хто баронiць i падтрымлiвае гэтыя каштоўнасьцi ў найцяжэйшых умовах, вартыя мiжнароднага прызнаньня й падтрымкi дэмакратаў ва ўсiм сьвеце. Менавiта ў гэтым духу Усясьветны рух за дэмакратыю мае гонар ушанаваць ДЭМАКРАТЫЧНЫ РУХ У БЕЛАРУСI й сьцьвердзiць салiдарнасьць зь ягонаю барацьбою за дэмакратыю й чалавечую годнасьць".
Акрамя беларусаў, "Данiна адвазе" была сёлета дадзеная дэмакратычнаму руху ў Судане, Руху ракi Мано (краiны Заходняй Афрыкi) ды iзраiльскай i палестынскай грамадзкiм арганiзацыям, якiя змагаюцца за дэмакратыю й мiр. Белоруссия