Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Акцыя пратэсту доўжылася 13 дзён, і ейным кульмінацыйным момантам стаўся прыезд вялікай камісіі зь Менску, якая, паводле распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, была ўпаўнаважаная сустрэцца з галадоўнікамі. Галадоўнікі чакалі яе два дні ды сустрэлі прыезд чыноўнікаў хваляю абурэньня, паведамляе Радыё Свабода.
Сустрэча, якая праходзіла ў Віцебскім гарвыканкаме, адразу пачалася з праблемаў: прадстаўнікі ўладаў адмовіліся прымаць прадстаўніка рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанку, дэлегаванага на гэтыя перамовы віцебскімі галадоўнікамі. Жанчынам-галадоўніцам, якія каля трох гадзінаў чакалі пачатку перамоваў ў фае гарвыканкаму, на холадзе ды скразьняку, давялося неўзабаве выклікаць хуткую дапамогу проста ў кабінэт, дзе праходзіла сустрэча.
Спадар Шумчанка чакаў вынікаў звонку. Паводле ягоных словаў, у Віцебску не схацелі сустракацца зь ім з тае прычыны, што ўсё сказанае ў часе тутэйшых перамоваў стане вельмі хутка вядома ў Менску, а потым разьнясецца па ўсёй Беларусі. Яшчэ адна прычына, пра якую мяркуе спадар Анатоль, — гэта тое, што чыноўнікі бачаць у ягонай прысутнасьці небясьпеку трансфармацыі эканамічных патрабаваньняў у палітычныя.
На думку прысутных у часе перамоваў лідэраў віцебскага прафсаюзу прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”, сустрэча нарэшце дала хаця бы нейкі плён: прынамсі, віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў, міністар гандлю спадар Кулічкоў ды намесьнік міністра эканомікі спадар Тур мелі непасрэдную магчымасьць выслухаць аргумэнты прадпрымальнікаў. Бо, як высьветлілася, допісы “Пэрспэктывы” ў Менск імі не аналізаваліся.
Толькі цяпер для менскіх чыноўнікаў стала зразумела, наколькі неабходны агульны закон аб прадпрымальніцтве, і што толькі ён мусіць рэглямэнтаваць прадпрымальніцкую дзейнасьць, а не рашэньні ды пастановы мясцовых уладаў — так сказалі самі прадстаўнікі ўраду. На думку старшыні прафсаюзу “Пэрспэктыва”Анатоля Шапавалава, гэта й ёсьць сёньня самым значным дасягненьнем.
Адзінае, чаго прадпрымальнікі ня здолелі дасягнуць — гэта рашэньня аб адмене абавязковае ўстаноўкі касавых апаратаў. Затое яны дамагліся захаваньня ранейшых умоваў дзеля свае прадпрымальніцкае дзейнасьці — без ускладненьняў з дакумэнтацыяй ды бугальтэрыяй, якія вынікалі з распараджэньняў мясцовых уладаў. Гэта пратэстоўцы лічаць самым істотным.
Увечары прадпрымальнікі пакінулі будынак крытага рынку “Мішэль”, дзе праходзіла акцыя пратэсту, i за якой сачылі тысячы людзей у Беларусі ды за мяжой. Галадоўнікі нарэшце вярнуліся дамоў, да сваіх сем’яў. Белоруссия