Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пётар Марцаў: «Незалежная журналістыка дажывае апошнія дні» 10:28, 27/02/2004, фота ByMedia.net
У інтэрвію Радыё Свабода заснавальнік і выдавец “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў разважае, чаму ў краіне рэгулярна парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзянаў Беларусі на атрыманьне інфармацыі і называе вінаватых у спробах зьнішчыць незалежную прэсу.
-- Спадар Марцаў, цягам лютага вы зрабілі дзьве спробы аспрэчыць у Вышэйшым гаспадарчым судзе папярэджаньні Міністэрства інфармацыі, але яны плёну ня мелі: на рахунку “БДГ” па-ранейшаму тры папярэджаньні за парушэньні “Закону аб друку”. Да таго ж, “Белпошта” і “Белсаюздрук” дагэтуль адмаўляюцца падпісваць дамовы на дастаўку газэты падпісчыкам. Што, на вашую думку, ёсьць прычынай такога стаўленьня ўлады да незалежных мэдыяў?
-- Ёсьць, пэўна, суб’ектыўныя фактары: магчыма, хтосьці ня любіць канкрэтна мяне ці галоўнага рэдактара. Магчыма, не ўспрымаюць журналістаў асобна ці наагул. Але справа ў тым, што каманды ж зьмяняліся – тры склады, тры галоўныя рэдактары. Справа, напэўна, у газэце, у ейнай пазыцыі. Зь іншага боку – у сьветапоглядзе людзей, якія кіруюць дзяржавай. У іхным уяўленьні недзяржаўная, незалежная прэса існаваць не павінна. Яны, магчыма, самі баяліся ў гэтым прызнацца, але зараз усё відавочна: у гэтай дзяржаве незалежная журналістыка, напэўна, дажывае апошнія дні.
-- Але, на ваш погляд, рашэньні датычна лёсу незалежнай прэсы прымаюцца калегіяльна ці санкцыю дае канкрэтная асоба?
-- Мяркую, няма ніякіх ілюзіяў, што рашэньне адносна “БДГ” сыходзіць з самага высокага кабінэту ў дзяржаве. Ва ўсялякім разе, гаспадар кабінэту, Аляксандар Лукашэнка, цудоўна ведае пра сытуацыю. Самая мэтодыка, самая сыстэмнасьць пераконвае, што працуе некалькі ведамстваў. Як доказ – “Белпошта” адносіцца да Міністэрства сувязі, “Белсаюздрук” – да Міністэрства інфармацыі, але яны практычна ў адзін дзень скасавалі з намі дамовы. І, шчыра кажучы, самі чыноўнікі ў прыватных размовах не хаваюць: было распараджэньне з адміністрацыі прэзыдэнта.
-- Цалкам натуральныя ў такіх выпадках захады – дабівацца права на распаўсюд інфармацыі праз суд. Некалькі безвыніковых спробаў у вас ужо было. Можна чакаць працягу судовай актыўнасьці?
-- Безумоўна, мы будзем адстойваць гэтае права ў судзе. Парушаны артыкул закону аб СМІ, дзе дакладна напісана: перашкода распаўсюду інфармацыі забароненая. Парушана гэтаксама антыманапольнае заканадаўства, калі пошта, манапаліст, адмаўляе суб’екту гаспадараньня ў супрацоўніцтве. Ды шэраг іншых законаў, ажно да асноўнага, Канстытуцыі, дзе таксама сказана пра свабоду слова, свабоду друку. Але ўся гісторыя судовых працэсаў СМІ супраць дзяржаўных установаў даказвае: часьцей за ўсё выданьне прайграе. А калі гаворка тычыцца прэзыдэнта (а “БДГ” пацярпела менавіта за артыкулы, прысьвечаныя Лукашэнку), то выйграць гэтыя суды немагчыма. Судовая сыстэма, як і шмат чаго іншага, манапалізаваная. Пры такой ідэалёгіі незалежная журналістыка зьяўляецца пабочным элемэнтам і, безумоўна, павінна быць задушаная. Таму ўсё, што мы назіраем у зьвязку з “БДГ”, іншымі СМІ, сьведчыць пра сыстэмны падыход.
-- Калісь вы казалі пра альтэрнатыўныя варыянты выхаду “БДГ” – найперш, рэгістрацыю выданьня ў Расеі.
-- Летам я такую выдавецкую схему ўжо паспрабаваў: дамовіўся з расейскай “Новой газетой”, узяў напракат гандлёвую марку і фактычна распаўсюджваў яе тут. Гэта таксама нялёгка: дамоваў з “Белсаюздрукам” не было, зь “Белпоштай” – тым больш. Але я перакананы: пытаньне распаўсюду газэтаў празь нейкі час стане ня проста камэрцыйным; гэта стане грамадзкім пытаньнем, палітычным. Вельмі мала засталося газэтаў у Беларусі, якія здольныя выказваць пазыцыю ў грамадзка-палітычных тэмах. 2-3 газэты ў краіне не кантралююцца дзяржавай; усе астатнія пад кантролем – дастаткова іх проста пачытаць... Таму схема магчымая: юрыдычна гэта будзе расейскае выданьне, але яно будзе распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі пад назвай “БДГ”... Мабыць, гэта сьмешна і сумна, але не разумею, чаму ня сьмешна і ня сумна самой дзяржаве, людзям пры ўладзе? Можа, каб не выходзіла “БДГ”, мяжу з Расеяй зачыняць? Не такая ўжо гэта вялікая мэта – зьнішчыць “БДГ”: ня тая мэта для палітычных лідэраў краіны. Белоруссия