Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускім выдаўцам на месяц падоўжылі перарэгістрацыю 10:34, 01/03/2004
Да 1 красавіка ўсе выдавецкія структуры мусяць прайсьці перарэгістрацыю дзяржаўных ліцэнзіяў. Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч асабіста будзе вырашаць, хто варты займацца выдавецкай справай, а каму давядзецца шукаць іншую працу. Выдавецтвы ці індывідуальныя прадпрымальнікі, якім міністэрства дазволіць займацца друкарствам надалей, застануцца на рынку на бліжэйшую пяцігодку. Той, хто ня здолее атрымаць дазвол на падаўжэньне дзейнасьці цягам сакавіка, мусіць сыйсьці з рынку – у іншым выпадку парушальнікам зоймуцца праваахоўчыя органы, паведамляе Радыё Свабода.
27 лютага быў апошнім днём, калі галіновыя міністэрствы прымалі заявы на атрыманьне ліцэнзіяў ад тых, хто зьбіраўся і надалей заставацца ў сфэры вытворчасьці. Аднак вялізныя чэргі ля міністэрстваў і скаргі чыноўнікаў, якія не пасьпявалі разгледзець усе звароты, прымусілі Савет міністраў прыняць адмысловую пастанову, згодна зь якой тэрмін падачы дакумэнтаў падоўжаны да 1 красавіка.
Непасрэдныя ўдзельнікі гэтага працэсу адзначаюць, што ад падаўжэньня тэрміну на перарэгістрацыю нічога істотна ня зьменіцца. Асаблівую занепакоенасьць на гэтым тле выказваюць кнігавыдаўцы. Падчас выставы “Кнігавыдавецтва Беларусі-2004” было агучана, што летась у разьліку на аднаго жыхара краіны выдадзена меней за 5 кнігаў і брашураў, хоць яшчэ ў 2001-м годзе гэтая колькасьць складала 7 асобнікаў. Не выпадае казаць і пра масавасьць друкаваных выданьняў: сярэдні наклад кнігаў – 5300 асобнікаў, а за два гады да таго ён складаў 7000.
Шмат якія выдаўцы кажуць, што пэрспэктывы галіны будуць яшчэ больш цьмянымі пасьля абавязковай перарэгістрацыі выдавецкіх ліцэнзіяў. Як паказвае досьвед, такая фільтрацыя досыць істотная: хтосьці не адпавядае міністэрскім патрабаваньням, хтосьці ня выканаў адпаведных інструкцыяў і замест мастацкай літаратуры пачаў выпускаць навуковую.
Сталічны выдавец Яраслаў Чапля кажа, што ў параўнаньні з суседняй Расеяй беларускія выдаўцы працуюць у нашмат горшых умовах. Падатак на даданую вартасьць у Беларусі складае 18%, а ў Расеі толькі 10%. І гэта пры тым, што паперу беларусам даводзіцца набываць у Расеі, дадаткова аплочваючы транспартныя выдаткі, а выдавецкая база для многіх расейцаў знаходзіцца ў Беларусі, у танных мясцовых друкарнях. Да нядаўняга часу палёгкамі карысталіся беларускамоўныя і дзіцячыя кнігі, а зараз такіх льготаў няма. Можа таму для выдавецтваў, што спэцыялізуюцца на беларускамоўнай літаратуры, мінулы год стаўся адным з горшых: у параўнаньні з годам папярэднім наклады скараціліся амаль на 20%. Многія з выдаўцоў, якія працавалі яшчэ ў пачатку 90-ых, узгадваюць: калі была іншая дзяржаўная палітыка, літаратура друкавалася накладамі ў дзясяткі тысячаў асобнікаў. Зараз добра, калі гаворка ідзе пра тысячу-другую. Таму загнанасьць беларускай мовы на дзяржаўным узроўні – ці не найвялікшая праблема кнігавыдаўцоў.
Нарэшце, зусім у няроўных умовах працуюць прыватныя й дзяржаўныя установы. Дзяржаўныя выдавецтвы ў выпадку са школьнымі падручнікамі і спэцыяльнай літаратурай атрымліваюць датацыю да 100%. А вось калі ў даўгі трапляе прыватнае выдавецтва, у яго адразу ж арыштоўваюць рахунак, а пасьля некалькіх такіх выпадкаў пазбаўляюць ліцэнзіі. Цяпер многія выдавецтвы таксама пацерпяць ад карэннага перагляду іхнай дзейнасьці. Минск, Белоруссия