Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Цяжка прыйсьці да ўлады 10:12, 09/03/2004, Генадзь Кесьнер, «Радыё Рацыя»
Прадстаўнікам апазыцыі будзе вельмі цяжка прабіцца ў «палату прадстаўнікоў» на наступных выбарах. Пра гэта сьведчаць тыя людзі, што прайшлі ў мясцовыя Саветы. Прынамсі, дэпутат Наваполацкага гарадзкога савету Васіль Главацкіх, які працуе на прадпрыемстве “Нафтан”. Ён зьяўляецца рэпрэзэнтантам Партыі БНФ.
Кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў, якія йшлі ад апазыцыі, адчулі ўвесь ціск уладных структураў у часе выбараў, але, тым не менш, здолелі перамагчы. Васіль Главацкіх, сябра партыі БНФ, мяркуе, што на парлямэнцкіх выбарах будзе яшчэ цяжэй.
- Я думаю, што вельмі цяжка будзе прадстаўнікам “Пяцёркі” й іншых дэмакратычных арганізацыяў правесьці сваіх кандыдатаў у «палату прадстаўнікоў». Іх будуць ціснуць, будуць вельмі цяжкія выбары.
Паводле словаў Васіля Главацкіх, кандыдаты не ад уладных структураў знаходзяцца ў розных умовах параўнальна з афіцыйнымі.
- Усе кандыдаты не ад улады пастўленыя ў вельмі цяжкія ўмовы. Іх будуць спрабаваць зьняць, ім будуць замінаць у працы, ім ня будуць дазваляць сустракацца са сваімі выбарнікамі, распавядаць аб сабе, ня будуць дапускаць на тэлебачаньне, у газэты. Будуць прыціскаць на працы. Вельмі шмат зараз спосабаў, каб націснуць на кандыдата.
Васіль Главацкіх на сваім уласным досьведзе адчуў, што такое ўціск з боку ўладаў у часе нават мясцовых выбараў.
- Ішла кампанія ў Наваполацку ў мясцовы Савет, гэта значна ніжэйшы ўзровень тае кампаніі, якая адбудзецца ўвосень. Тэлефанавалі на маё прадпрыемства, размаўлялі з начальствам, якому гэта таксама не падабалася. Мне казалі: Васіль, мы ўсё разумеем, але нам таксама ўсё ўжо абрыдла. Маўляў, здымай сваю кандыдатуру, займайся сваёй працай. Яны ціснулі на нашых жанок, яны шукалі, як можна паўплываць на кожнага канкрэтнага кандыдата.
Тым ня менш, Васіль Главацкіх упэўнены, што выбары ігнараваць нельга.
- Усё роўна, трэба ўдзельнічаць, трэба змагацца, працаваць, праводзіць сваіх кандыдатаў. Я проста бачу, што вельмі цяжка будзе заняць у Палаце прадстаўнікоў палову месцаў, ці 30 адсоткаў, хутчэй за ўсё гэтага не адбудзецца.
Тым не менш, патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты будуць браць актыўны ўдзел у маючых адбыцца выбарах. Белоруссия