Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўрапейскія кіраўнікі лічаць, што беларускія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі 10:29, 24/03/2004
У аўторак кіраўнікі Эўрапейскага Зьвязу й Рады Эўропы абнародавалі выніковую заяву пасьля сустрэчы, якая адбылася напярэдадні ў Брусэлі. Яны канстатавалі, што ў Беларусі няма дэмакратычнага прагрэсу.
Міністар замежных справаў Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, Браян Коўэн разам зь сябром Эўрапейскай камісіі Крысам Патэнам абмеркавалі беларускае пытаньне зь дзейным старшынём камітэту міністраў Рады Эўропы — кіраўніком МЗС Нідэрляндаў Бэрнардам Ботам — і генэральным сакратаром Рады Эўропы Вальтэрам Швімэрам.
Прадстаўніца МЗС Ірляндыі Барбара Джоўнз, якая на мінулым тыдні наведала Менск у складзе супольнай эўрапейска-амэрыканскай місіі, таксама знаходзілася ў Брусэлі. Але намесьнік спадарыні Джоўнз Пітэр Макайвар, які быў разам зь ёю ў Менску, распавёў Радыё Свабода па тэлефоне з Дубліну, што кіраўнікі Эўразьвязу й Рады Эўропы прынялі адмысловую заяву наконт Беларусі й працытаваў яе:
“Удзельнікі выказалі шкадаваньне з нагоды адсутнасьці дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі. Наадварот, улады ўзмацнілі свае рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці ды яе прадстаўнікоў. Не было паляпшэньня што да свабоды выказваньняў і свабоды сродкаў масавай інфармацыі ды павагі да правоў чалавека ўвогуле. Бок Рады Эўропы нагадаў, што ён яшчэ спадзяецца вітаць Беларусь сярод іншых дэмакратычных дзяржаваў Эўропы. Удзельнікі падкрэсьлілі важнасьць, якую яны надаюць падрыхтоўцы і правядзеньню дэмакратычных выбараў увосень 2004 году згодна з эўрапейскімі стандартамі”.
Паводле спадара Макайвара, свае намаганьні дзеля разьвязаньня беларускай праблемы будуць аб’ядноўваць і Эўразьвяз, і Рада Эўропы, і АБСЭ, і ЗША. Ён нагадаў, што Расея таксама ёсьць сябрам Рады Эўропы. А ЗША, якія на мінулым тыдні ўзялі ўдзел у супольнай эўрапейска-амэрыканскай місіі ў Беларусі, працягвалі свае спробы далучыць да беларускага пытаньня Расею. Як паведамляе расейскае МЗС, першы намесьнік міністра замежных справаў Валеры Лашчынін (дарэчы, былы расейскі амбасадар у Менску) прыняў у Маскве намесьніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы ды Эўразіі Стывэна Пайфэра. “Падчас гутаркі асноўная ўвага была нададзеная абмену думкамі пра становішча на прасторы СНД”, — паведаміла МЗС Расеі. А паводле амэрыканскай амбасады ў Маскве, спадар Пайфэр сустрэўся зь яшчэ адным намесьнікам міністра замежных справаў Расеі Сяргеем Кісьляком. Белоруссия