Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рада БНР віншуе беларусаў з Днём Волі 13:44, 25/03/2004
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла павіншавала суайчыннікаў з 86-й гадавінай абвяшчэння БНР. "Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, - гаворыцца ў віншаванні, - вітаю Вас з нашым слаўным Днём Волі - 25-м сакавіком - днём, калі наш народ абвясціў свету ў 1918 годзе, пасля доўгіх гадоў зняволення, што ён жыве, што жадае мець сваю ўласную незалежную дзяржаву, што хоча заняць пачэснае месца між іншымі народнамі свету".
"Край наш яшчэ не ёсць такім, якім мы яго жадаем, - адзначае І.Сурвіла. - Цяжкія ўмовы жыцця, непавага да людскіх правоў і да нашай мовы і культуры, пагроза незалежнасці нашай дзяржавы яшчэ ўсё турбуюць жыццё нашага народа. Але ж у нас дзяржава! І заходні свет ніколі так не спрыяў незалежнасці Беларусі і дэмакратычнаму ладу жыцця ў нашай краіне, як цяпер".
Як падкрэслівае старшыня Рады БНР, "цяпер ад нас саміх залежыць, ці выкарыстаем мы гэтыя спрыяльныя палітычныя ўмовы, і ці зойме наша дзяржава пачэснае месца між іншымі народамі свету, ці не".
"Нашым святым абавязкам ёсць не толькі абараніць здабытае, але і адбудаваць наш край. Гэта мусіць быць мэтай кожнага беларуса, пакуль наш край не станецца нармальнай еўрапейскай дэмакратыяй, а ўрад наш не пачне працаваць на карысць Беларусі, а не штучнай - толькі яму выгаднай - ідэалогіі", - гаворыцца ў віншаванні Рады БНР, якое цытуе БелаПАН. Минск, Белоруссия