|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
«Выбары» ці выбар 15:24, 25/03/2004, Анатоль Фёдараў, лідар грамадзянскай ініцыятывы «Беларуская салідарнасць» 1. Пазыцыі палітычных групаў. Першая зь іх вынікае з агучаных ужо намераў вядомай кааліцыі “5+”. Згодна зь ёю, аснову грамадзка-палітычнай супольнасьці Беларусі складаюць вядучыя (чытай, уваходзячыя ў склад гэтай кааліцыі) палітычныя партыі. Менавіта яны бяруць на сябе адказнасьць за лёс Беларусі й прапануюць вывераны шлях барацьбы. З улікам гэтага іншыя грамадзкія й палітычныя групы павінны альбо далучыцца да гэтай кааліцыі, альбо не перашкаджаць у рэалізацыі яе стратэгіі. Сама стратэгія палягае на тым, што выбары ёсьць адзіны рэальны мэханізм пазбаўленьня ад існуючай дыктатуры й прыходу да ўлады новых сілаў. Улічваючы, што шансаў на перамогу ў бліжэйшай кампаніі амаль няма, прапануецца выкарыстаць яе як сродак для падрыхтоўкі да наступнай (прэзыдэнцкай) кампаніі, а даклядней, для падвышэньня электаральных рэйтынгаў гэтых партыяў і іх кааліцыі. Што тычыцца беларускага грамадзтва, то аксыяматычна лічыцца, што яно негатовае да актыўнай барацьбы, а таму разьлічваць трэба толькі на руплівую падрыхтоўку чарговай кампаніі й зьнешнюю падтрымку (у т.л., маскоўскую, якая не афішуецца). Істотна таксама, што й беларуская эліта, згодна гэтай пазыцыі, разглядаецца, у асноўным, як рэакцыйная й антынародная сіла, а магчымасьць супрацоўніцтва зь ёю як бессэнсоўная. Другая палітычная пазыцыя выкрашталізоўваецца ў межах Эўрапэйскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” . Сутнасьць яе ў тым, што дэмакратычную (“бархатную”) рэвалюцыю ў Беларусі прапануецца ажыцьцявіць зыходзячы з апошняга вопыту эўрапэйскіх і іншых краінаў. Улічваючы, што падрыхтоўка масавых пратэстных дзеяньняў ва ўмовах Беларусі выглядае як задача маларэальная, дзеяньні прапануецца ажыцьцяўляць хоць і абмежаванымі, але добра арганізаванымі сіламі, на грунце новых падыходаў. Што тычыцца бліжэйшай кампаніі, то найбольш важкім яе кампанэнтам лічыцца ўдзел у выбарах, з вылучэньнем агульнага (непартыйнага) сьпісу найболей падрыхтаваных кандыдатаў, з арганізацыяй магутнай іх падтрымкі й адстойваньнем перамогі. Магчымасьць выкарыстаньня іншых сродкаў палітычнай мабілізацыі ў гэтай мадэлі не разглядаецца. Вельмі пасьлядоўнай і патрыятычнай, як і раней, выглядае пазыцыя КХП БНФ. Не вызывае сумненьняў, што ўдзел сілаў дэмакратычнай апазыцыі ў выбарах у “палату прадстаўнікоў” можа прывесьці як да прызнаньня гэтых выбараў, так і самой “палаты” (эўрапэйская дыпляматыя ўжо доўгі час шукае шлях да гэтага). Прызнаньне ж “палаты”, пры адначаснай адсутнасьці ў ёй прадстаўнікоў апазыцыі, найбольш верагодны сцэнар, можа прывесьці беларускую дзяржаву да вельмі цяжкіх наступстваў, сутнасьць якіх няма патрэбы тлумачыць. Слабасьць пазыцыі байкоту выяўляецца ў тым, што ў сёньняшніх варунках яна выглядае як нерэалістычная. Прынцыпова адрозную пазыцыю занялі ўсе іншыя палітычныя суб’екты, якія па падставам, якія называюцца самім сп. Пазьняком, не мяркуюць ад яе адказвацца. Прыпыніў сваё йснаваньне Вярхоўны Савет ХIII скліканьня, які адыгрываў значную ролю ў падзеях канца 90-х гадоў. Раздробленай і вымешчанай з адказных палітычных пазыцыяў аказалася патрыятычная апазыцыя. Больш агрэсіўнай і вераломнай стала гульня Масквы. Відавочна, што такая сытуацыя патрабуе больш глыбокіх падыходаў. Некаторы йнтарэс у сёньняшняй палітычнай раскладцы ўяўляе дзейнасьць дэпутацкай групы “Рэспубліка” й грамадзкіх ініцыятываў, якія вакол яе фармуюцца. Названая група мае прэтэнзіі на аб’яднаньне вакол сябе часткі апазыцыйных сілаў, але найбольшыя спадзяваньні ўскладаюцца на падтрымку з боку Масквы, хаця не выключаюцца й іншыя варыянты. У практычнай дзейнасьці асноўныя стаўкі робяцца на прадзьвіжэньне лідара гэтай групы й яго каманды, чаму падпарадкоўваюцца ўсе іншыя задачы. Палітычныя пазыцыі групы невыразныя й самастойнай ролі пакуль не адыгрываюць. Адсутнічае адзінства сярод яе. У бліжэйшай пэрспэктыве група хутчэй будзе падбудоўвацца пад падзеі, чым фармаваць іх. Цікавай зьяўляецца пазыцыя некаторых патрыятычных групаў. Згодна яе, не адстаўка рэжыму Лукшэнкі. любым коштам, а захаваньне й умацаваньне беларускай незалежнасьці ёсьць прыярытэтная задача ўсіх дзеяньняў. У дасягненьні гэтай задачы найбольш важкім лічыцца пошук грамадзкага паразуменьня. Падставамі ж апошняга бачацца працэсы самайдэнтыфыкацыі, якія адбываюцца ў беларускай эліце й іншых пластах беларускага грамадзтва. Т.ч., падсумоўваючы згаданае, можна сцьвярджаць: існуючымі ў Беларусі гамадзка-палітычнымі групамі сфармуляваны, у асноўным, два падыходы да далейшага разьвіцьця сытуацыі. Умоўна іх можна ахарактарызаваць як партыйна-палітычны й патрыятычны. Важка параўнаць іх. Пры першым – галоўным матывам усіх дзеяньняў зьяўляюцца йнтарэсы пэўных палітычных групаў і асобаў. Грамадзкія задачы пры гэтым адсоўваюцца на другі плян. Названае выяўляецца ў наступным: а) беларускае грамадзтва не разглядаецца як рэальны ўдзельнік палітычнага працэсу, яму адводзіцца пасыўная роля; б) не прымаюцца да ўвагі йнтарэсы нацыянальнай эліты, падтрымка шукаецца на Захадзе альбо сярод шавіністычных расейскіх колаў; в) уводзіцца ў зман і дэзарыентуецца (дзеля вузкагрупавых інтарэсаў) міжнародная супольнасьць; г) падзьвяргаюцца абструкцыі грамадзкія й палітычныя групы, якія выступаюць з пасьлядоўных патрыятычных пазыцыяў; д) ігнаруюцца альбо не адстойваюцца агульнанацыянальныя йнтарэсы (пагроза зьнешняй ізаляцыі, газавы шантаж і інш.). Зыходзячы з вышэйназванага выяўляецца й сутнасьць гэтых пазыцыяў. Яна зводзіцца да магчымасьцяў прадзьвіжэньня да ўлады альбо палітычнага выжываньня названых групаў і асобаў. Вынікам такіх пазыцыяў зьяўляецца іх грамадзянская безадказнасьць, бязьмежны канфармізм, здрада. Пры другім падыходзе на першы плян высоўваюцца задачы захаваньня незалежнасьці краіны, мабілізацыі дзеля гэтага беларускага грамадзтва. Важкім чыньнікам такога падыходу зьяўляецца ймкненьне ніякім чынам (ні наўпрост, ні ўскосна) не садзейнічаць ажыцьцяўленьню антыбеларускіх плянаў. 2. Праблемы й магчымасьці парляманцкай кампаніі. Асноўнай падзеяй 2004 году стануць выбары ў “палату прадстаўнікоў”. Відавочна, што гэтыя «выбары» будуць адметныя нават у параўнаньні з усімі папярэднімі кампаніямі. Характарызавацца яны будуць наступнымі чыньнікамі: * Выбараў ня будзе. З 1996 году ў беларускага народу аднята яго канстытуцыйнае права, выбіраць сваю ўладу. Ігнараваньне гэтага факту прывяло апазыцыю да цяжкіх наступстваў на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году й фактычна да поўнай паразы на мясцовых выбарах 2003 году (працэнт дэпутатаў, абраных ад палітычных партыяў, склаў ня болей 0,12 %). Відавочна, з гэтага трэба зыходзіць, найперш, пры падрыхтоўцы да чарговых “выбараў”. * Рэжым Лукашэнкі. будзе ймкнуцца да “бліскучай” перамогі. Выбары 2004 году ў Беларусі будуць мець важнейшае значэньне для будучай прэзыдэнцкай кампаніі й існаваньня рэжыму. Улічваючы нарастаючае незадавальненьне насельніцтва, у асаблівасьці актыўных яго слаёў, а таксама магчымую зьнешнюю пагрозу й іншыя фактары, для рэжыма Лукашэнкі вельмі важка дамагчыся адзінства сваіх структураў, пераадолець дапушчаныя раней “памылкі”. Адной з асноўных умоваў для гэтага зьяўляецца дасягненьне “чысьціні” бліжэйшых выбараў, “бліскучай” перамогі. На што й будуць накіраваны асноўныя намаганьні. Прызнаньне альбо непрызнаньне гэтых выбараў ня будзе мець істотнай ролі для рэжыму. Апошняе, найхутчэй, і ня будзе залежыць ад іх вынікаў. * Стварэньне перадвыбарчага блёку палітычных партыяў напярэдадні кампаніі ня будзе мець істотнага сэнсу, паколькі ў краіне няма ўмоваў для партыйных выбараў: прадаўжае дзейнічаць савецкая (посттаталітарная) выбарчая сыстэма, забаронена стварэньне перадвыбарчых блёкаў, адсутнічае паўнавартасны мэханізм вылучэньня кандыдатаў ад палітычных партыяў (колькасьць зарэгістраваных арганізацыйных структураў партыяў адмыслова ўтрымліваецца на вельмі нізкім узроўні), прадстаўнікі партыяў ня маюць доступу ў выбарчыя камісіі й рэальнага права кантролю за выбарамі, не выконваюцца іншыя важкія ўмовы для выбарчых кампаніяў (у прыватнасьці, умовы, сфармуляваныя місіяй АБСЕ ў Беларусі). У той жа час, ня можа разглядацца ў якасьці асноўнай задачы кампані, падвышэньне электаральных рэйтынгаў партыяў. Такая задача магла бы быць абгрунтаванай у звычайных палітычных умовах. Ва ўмовах Беларусі падмена перамогі ў адказнай палітычнай кампаніі задачай прадзьвіжэньня асобных партыяў ці іх групаў непазьбежна паставіць на карту лёс краіны. Улічваючы гэта, такую пастаноўку праблемы некаторымі зь іх (найперш, партыямі, прадстаўленымі ў кааліцыі “5+”) неабходна расцэньваць як ганебную й несумяшчальную з інтарэсамі Беларусі. * Выкарыстаньне традыцыйных выбарчых тэхналёгіяў і мэханізмаў (агітацыя за кандыдатаў, праца ў выбарчых камісіях, арганізацыя назіраньня й інш.) не прывядзе да пажаданых вынікаў. Па-першае, пад час кампаніі будуць адсутнічаць нават мінімальныя ўмовы для гэтай дзейнасьці, па-другое, вынікі “выбараў”будуць вызначацца зусім іншымі, палітычнымі, чыньнікамі. Апроч згаданых вышэй акалічнасьцяў важка таксама зьвярнуць увагу на наступнае: * Для палітычнай кампаніі пад час “выбараў” найбольш важкай будзе актыўная, а не пасыўная падтрымка беларускіх грамадзянаў. Апошняе актуальна тым, што барацьба за галасы выбаршчыкаў хоць і неабходная, але недастатковая ўмова перамогі. У варунках Л. рэжыма патрэбны й іншыя чыньнікі гэтай перамогі. * Перамога над рэжымам Лукашэнкі і захаваньне незалежнасьці краіны будуць немагчымы без падтрымкі гэтых ідэяў беларускай элітай, найперш той яе часткі, якая бачыць у гэтым свае йнтарэсы. Пры адпаведнай працы яны маглі бы стаць важкім фактарам ужо ў бліжэйшай палітычнай кампаніі. * Ніводны праект у йнтарэсах Беларусі ( у т.л., выбарчая кампанія 2004 году) ня можа быць ажыцьцёўлены без рашаючага ўдзелу ў ім патрыятычных сілаў (патрыятычных групаў, у т.л., у складзе партыяў і грамадзкіх аб`яднаньняў, якія выступаюць з пасьлядоўных патрыятычных пазыцыяў). БНФ “Адраджэньне”, які на працягу шмат гадоў выконваў роль лідара ў палітычнай барацьбе, страціў гэтую функцыю. Гэтым тлумачацца кан’юнктурныя й антыпатрыятычныя дзеяньні сёньняшняй «афыцыйнай» апазыцыі. Пераадолець іх магчыма толькі новым аб`яднаньнем і вяртаньнем ролі патрыятычных сілаў у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. * Насуперак пашыранай лёгікі, лёс краіны будзе вырашацца не на прэзыдэнцкіх, а на парляманцкіх выбарах гэтага году. Параза ў кампаніі 2004 году кардынальна зьменіць пазыцыі й расстаноўку грамадзкіх і палітычных сілаў Беларусі. Свой выбар канчаткова зробіць адміністратыўная й гаспадарчая эліта Беларусі. Што выявіцца, найперш, у падтрымцы дзеяньняў Масквы, а таксама й маскоўскага кандыдата пад час прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтый жа кандыдат, найхутчэй, будзе падтрыманы й «афыцыйнай» апазыцыяй, якая к гэтаму часу поўнасьцю страціць сваю самастойную ролю й ня здолее вылучыць рэальнай альтэрнатывы на прэзыдэнцкіх выбарах. Такім чынам, весь шэраг чыньнікаў сьведчыць, перамогу ў кампаніі можна атрымаць пры ўмове рашучых і адказных дзеяньняў, арганізаваць якія здольна толькі патрыятычна настроеная апазыцыя. 3. Прапановы й мяркаваньні. Улічваючы, што паступовае паглынаньне Беларусі пры рэжыму Л. ня спыніцца, а падзеі 2004-2006 гг. могуць стаць вырашальнымі для яе, надзвычай важка, каб па выніках плянуемых “выбараў” маглі утварыцца чыньнікі, якія б паспрыялі намаганьням патрыятычных сілаў адстойваць незалежнасьць краіны. Адным з такіх чыньнікаў можа быць утварэньне моцнай прадзяржаўніцкай фракцыі ў Лукашэнкі “парляманце”. Відавочна, “афыцыйная” апазыцыя, нягледзячы на “бурную” перадвыбарчую дзейнасьць, ня ў стане вырашыць гэтай задачы. Як ня ў стане яна вырашыць і нейкай адэкватнай задачы. Улічваючы гэта, важка было б знайсьці магчымасьць утварэньня такой фракцыі ў парляманце іншым шляхам, паўтарыўшы (напрыклад) сцэнар падзеяў пачатку 90-х гадоў (не было партыйных кандыдатаў). У практычным пляне гэта значыць, што у бел. грамадзтве на бліжэйшых выбарах было бы важка разгледзіць і падтрымаць тыя сілы, эканамічныя й уладныя йнтарэсы якіх адпавядаюць нашым дзяржаўным інтарэсам, баронячы якія, яны б баранілі будучыню Беларусі. Верагодна, што пры такой пазыцыі патрыятычныя сілы зрабілі б рэальным свой удзел у бліжэйшай кампаніі й атрымалі б сур`ёзны йнструмант у далейшай барацьбе. Адначасна з гэтымі дзеяньнямі магчыма пайсьці на ўтварэньне Народнага (Грамадзкага) парляманту ( у выпадку татальных фальсыфыкацыяў альбо іншага). Сябрамі такога парляманту сталі бы ўноўабраныя й незаконна неабраныя дэпутаты, статус якіх быў бы пацьверджаны зьвесткамі грамадзкіх падліковых камісіяў. З правам дарадчага голасу ў яго працы маглі бы прымаць былыя дэпутаты парляманту, сябры грам. і палітычных арганізацыяў, прадстаўнікі мясцовага самакіраваньня й інш. Стварэньне Народнага (Грамадзкага) парляманту, пры наяўнасьці выразнай палітычнай волі, магло бы йстотна паўплываць на сытуацыю ў краіне, стварыць умовы для дэмакратычных пераменаў. У той жа час неабходна ўсьведамляць, адных згаданых крокаў будзе недастаткова. Без шырокай падтрымкі нашых дзеяньняў у грамадзтве краіну нам не адстаяць.У сувязі з гэтым ня менш, а можа й найбольш адказнай часткай бліжэйшай кампаніі зьяўляецца пашырэньне нашай грамадзкай падтрымкі, арганізацыя пратэстных дзеяньняў. Арганізаваць пратэстныя дзеяньні, несумненна, найбольш складана. Але менавіта яны павінны адыграць асноўную ролю. Каб арганізаваць пратэстныя дзеяньні пад час выбараў, калі іх сэнс найбольшы, рыхтаваць іх трэба задоўга да іх, накіраваць пад гэта асноўныя сілы й рэсурсы. Разумеючы пры гэтым, што такая задача ня можа быць вырашана толькі ў межах існуючых грамадзкіх й палітычных групаў. Важкай умовай перамогі пад час бліжэйшай кампаніі павінна стаць забясьпячэньне кантролю за яе ходам і вынікамі. Для арганізацыі такога кантролю найлепшым крокам было бы стварэньне грамадзкіх падліковых камісіяў. Сябрамі такіх камісіяў маглі бы быць любыя грамадзяне, якія выкажуць пажаданьне прыняць удзел у іх працы, у т.л., сябры афыцыйных выбарчых камісіяў, незалежныя назіральнікі, вядомыя асобы, дэпутаты й інш. Асноўная задача грамадзкіх падліковых камісіяў – мабілізацыя для канролю за выбарамі саміх грамадзянаў, атрыманьне йнфармацыі аб ходзе выбарчай кампаніі й яе выніках, неадкладнае давядзеньне гэтай інфармацыі да грамадзкасьці. Стварэньне грамадзкіх падліковых камісіяў магло бы стаць магутным інструмантам супраць створанай рэжымам машыны для "галасаваньня". Калі б праца па іх фармаваньню была праведзена даклядна, ігнараваць працу такіх камісіяў было бы складана, а супрацьстаяць ёй немагчыма. У гэтый жа час важка было бы распачаць працу па выкрыцьцю фактаў карупцыі й беззаконьняў рэжыму (у т.л., масавых беззаконьняў пад час выбараў). Шырокая арганізацыя такой працы ў спалучэньні зь іншымі мерапрыемствамі (арганізацыя Грамадзкага трыбуналу, інфармац. мерапрыемствы й інш.) дазволіла б прыцягнуць на наш бок значную частку раней інэртнага насельніцтва, спрыяла б фармаваньню яго пратэстных настрояў, паўплывала на ход выбарчай кампаніі. Адначасна гэта б дазволіла паставіць пытаньне аб антыканстытуцыйнасьці рэжыму Лукашэнкі і яго «выбараў», неабходнасьці грамадзкага й міжнароднага кантролю над ім. Несумненна, падрыхтоўка да кампаніі 2004 году запатрабуе вырашэньня й шматлікіх іншых задачаў. І найперш, абъяднаньня намаганьняў розных сілаў. Перашкодай на шляху да яго ёсьць згаданыя йнтарэсы пэўных палітычных групаў і асобаў. Відавочна, што гэтыя йнтарэсы ня маюць нічога агульнага з будучыняй Беларусі. Минск, Белоруссия
|