Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Малодшы Чыгір на свабодзе, але справа ня скончаная 14:12, 07/04/2004, Генадзь Кесьнер, «Радыё Рацыя»
Тры гады правёў за кратамі Аляксандар Чыгір, сын былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра. Яму інкрымінавалі крадзёж аўтамабіляў, разборку іх на запчасткі, спэкуляцыю. Вырак – 7 гадоў пазбаўленьня волі. Тры зь іх маладзён правёў у зьняволеньні, пасьля чаго яго выпусьцілі. Але завялі новую справу. Бацькі Аляксандра лічаць справу надуманай і зьбіраюцца дабіцца справядлівага рашэньня.
Справу Аляксандра Чыгіра з самага пачатку называлі палітычнай. На думку экспэртаў, яна была скіраваная на Міхаіла Чыгіра, які ў 1996-м годзе пакінуў пасаду кіраўніка беларускага ўраду зь нязгоды з палітыкаю Аляксандра Лукашэнкі. Чыгір-старэйшы правёў за кратамі 8 месяцаў. Чыгір-молодшы – тры гады. Малодшаму інкрымінавалі крадзёж і гандаль замежнымі аўтамабілямі, запчасткамі. Суд нават ня ўзяў да ўвагі той факт, што гараж Чыгіра-малодшага ня мог умясьціць гэтак званыя “скрадзеныя” мікра-аўтобусы фірмы “Форд”. Цяпер Аляксандар Чыгір знаходзіцца на волі, у сваёй сям’і. Аднак, улады зноў завялі на яго крымінальную справу, па тым жа зьвінавачаньні. Маці Аляксандра Юлія Чыгір (яна ж абаронца свайго сына ў судзе) кажа, што будзе абскарджваць дзеяньні судовых органаў у самых рознах інстанцыях:
- Зноў жа буду зьвяртацца да таго ж прэзыдэнта, зноў буду пісаць у КДБ з просьбаю ўбудзіць крымінальную справу па 128-м артыкуле “Пазбаўленьне волі па палітычных матывах”. Калі мне кажуць, што няма палітычных матываў, то няхай абгрунтуюць, чаму? Няхай прыцягнуць да адказнасьці тых міліцыянтаў, сьледчых, судзьдзяў, якія прымаюць такія рашэньні. А калі на ўзроўні дзяржавы гэтага ня бачаць і ня хочуць бачыць, дык што гэта, калі не палітычная справа? Цяпер няхай адуказваюць так, як павінныя адказваць у жыцьці. Гэта таксама злачынства.
З адсутнасьці бацькі, паводле словаў Юліі Чыгір, пакутваў найбольш ягоны сын, які не па ўзросьце разумна ўяўляў сабе хаду справаў:
- Вы можаце сабе ўявіць: у мяне ўнук прыходзіў, а ў нас была кніга на версе з выяваю Лукашэнкі. Ён яе прыносіць да мяне аднойчы й кажа: бабуля, аддай Лукашэнку гэты фатаздымак, можа ён мне тату аддасьць за гэта. Мой унук глядзіць тэлевізію й ведае, што гэта менавіта той “дзядзя”, які адняў у яго тату. Калі я сяджу за кампутарам, што кажа мне – напішы: паліцэйскія, адпусьціце майго тату, бо нельга адбіраць татаў без дазволу дзяцей!
Аляксандар Чыгір на волі. Шматкроць удзельнікі “Ланцугоў неабыякавых людзей” зьвярталіся ў тым ліку й да тэмы яго зьняволеньня. Што чарговым разам прыдумалі ўлады – пакажа час.