|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Лукашэнка мог «праляцець» раней Паксаса 14:36, 08/04/2004, Наталля Гак, «Народная воля» Людміла ГРАЗНОВА: -- Нам не ўдалося зрабіць гэта па дзвюх прычынах: унутранай і знешняй. Справа не толькі ў тым, што некаторыя з Вярхоўнага Савета і Канстытуцыйнага суда спужаліся і не давялі запланаванае да канца. А справа ў тым, што народ у той час не быў гатовы да такіх радыкальных дэмакратычных дзеянняў па выкананні Канстытуцыі. Ён усё яшчэ спадзяваўся на адзіную думку чалавека, які выконваў прэзідэнцкія функцыі. Знешні фактар адыграў, натуральна, вельмі важную ролю ў тых умовах, у адрозненне ад сённяшняй Літвы, Расія не згадзілася б з такім развіццём падзей у 1996-м, і яна ўсё зрабіла для таго, каб захаваць Лукашэнку пры ўладзе. Станіслаў ШУШКЕВІЧ: -- Галоўныя прычыны няўдачы імпічменту-96 -- здрада Валерыя Гур`евіча Ціхіні, які фактычна "заложил" 76 дэпутатаў, што падпісалі імпічмент, а таксама абмежаванасць розуму Сямёна Шарэцкага, які падпісаў незаконную дамову з Чарнамырдзіным, Строевым і Селязнёвым. У Літве зараз высокі ўзровень кваліфікацыі палітыкаў, яны дзейнічаюць па законе, у адпаведнасці са сваёй Канстытуцыяй і сваімі перакананнямі. Андрэй КЛІМАЎ: -- Літоўскі сцэнарый у нас тады не прайшоў, па-першае, таму, што мы занадта рускія, мы яшчэ ў часы знаходжання ў складзе Савецкага Саюза ідэнтыфікавалі сябе як рускіх. I таму любая дапамога ад "старэйшага брата" ўспрымалася не толькі як дапамога, а як кіраўніцтва да дзеянняў. Цяжка сабе ўявіць сітуацыю, каб зараз Фрадкоў з Міронавым прыехалі ў Літву і паспрабавалі "ўрэгуляваць" сітуацыю з імпічментам прэзідэнту... Па-другое, гэта была здрада старшыні Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, які падпісаў дамову, а фактычна -- акт капітуляцыі, не прадугледжаны Канстытуцыяй. Яшчэ да роспуску Вярхоўнага Савета Лукашэнкам менавіта Шарэцкі сваім подпісам яго распусціў. Гэта была і здрада старшыні Канстытуцыйнага суда Валерыя Ціхіні, які ў парушэнне працэдуры, перавышая свае паўнамоцтвы, прыпыніў разбіральніцтва справы аб імпічменце Лукашэнку. У гэтай сітуацыі нельга абвінавачваць ні народ, які сабраўся бараніць Вярхоўны Савет, ні дэпутатаў, якія паставілі свае подпісы пад імпічментам. Былі, канешне, тыя, хто зняў свой подпіс: гэта Уладзімір Навасяд, цяпер дэпутат ППНС, і Генадзь Грушавы, які зараз у Польшчы. Іх дзеянні я не расцэньваў бы як здраду, гэта хутчэй маладушша і боязь, кагосьці купілі... Зараз, калі з намі няма Ганчара, Захаранкі, Карпенкі, Завадскага і Красоўскага, я прыходжу да высновы, што тады, у 1996 годзе, нам трэба было быць больш мэтанакіраванымі -- трэба было далучаць верных Канстытуцыі афіцэраў МУС і арміі, прыцягваць да адказнасці ва ўстаноўленым парадку за парушэнні Канстытуцыі Ярмошыну разам з Лукашэнкам. Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА: -- У 1996 годзе Беларусь была аўтарытарнай дзяржавай, а Літва 2004 года -- гэта прававая, дэмакратычная дзяржава, дзе працуе закон. Валерый ШЧУКІН: -- У беларусаў і літоўцаў розны менталітэт. Калі літоўцы аддаюць перавагу свабоднаму жыццю, то большасць беларусаў гатовы поўзаць на каленях. Акрамя таго, літоўцы заўсёды дрэнна ставіліся да рускіх -- я гэта на ўласнай скуры не раз адчуваў. А Паксаса злавілі на сумніўных пагадненнях з рускімі, вось яму і адгукнулася. Паколькі нашы народы розныя, то і дэпутаты розныя. Літоўскія дэпутаты не баяліся выказваць свае думкі, а некаторыя нашы, як толькі ім прыгразілі, адразу ж, прабачце, здрэйфілі. Белоруссия
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|