Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Афіцыйны Менск адмаўляецца даваць палякам сьпіс расстраляных 17:04, 13/04/2004
Сёньня ў Польшчы адзначаецца ўсясьветны дзень памяці ахвяраў Катыні, Меднага, Харкава, Быкоўні і Курапатаў. У гэтых месцах пахаваныя забітыя супрацоўнікамі НКВД польскія палонныя. Паводле польскага боку, уся праўда пра злачынствы дагэтуль невядомая, у тым ліку і таму, што Менск адмаўляецца перадаць Варшаве сьпіс расстраляных на беларускай тэрыторыі палякаў.
Усясьветны дзень памяці ахвяраў Катыні, Меднага, Харкава, Быкоўні і Курапатаў адзначаецца ў дзень, калі ў 1943 годзе, немцы апублікавалі інфармацыю пра адкрыцьцё на тэрыторыі Савецкага Саюзу магілаў з парэшткамі тысячаў афіцэраў польскага войска. Жаўнеры, паліцыянты і памежнікі, якія трапілі ў палон у выніку падзелу тагачаснай тэрыторыі Польшчы паміж Савецкім Саюзам і Нямеччынай. Ваеннапалонныя былі расстраляныя паводле рашэньня савецкіх уладаў у весну 1940 году.
У гэты дзень, гаворка традыцыйна ідзе перадусім пра Катынь, але гэтым разам узгадваліся і Курапаты.
“Трэба асудзіць тых, хто зрабіў гэтыя жахлівыя злачынствы. Мой бацька, магчыма, пахаваны недзе ў беларускіх Курапатах, але ягоныя забойцы дагэтуль не пакараныя. Пакараньня вымагае звычайная чалавечая прыстойнасьць”, -- паведаміла дачка аднаго з расстраляных польскіх афіцэраў у часе адмысловай канфэрэнцыі, што адбылася сёньня ў Варшаве.
На тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны была расстраляныя прыкладна траціна з 25-ці тысячаў жаўнераў польскага войска, у асноўным – палякаў. Паводле Анджэя Тухольскага, намесьніка кіраўніка архіваў Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, імёны расстраляных у Беларусі дагэтуль невядомыя, бо Менск, у адрозьненьне ад Кіеву, адмаўляецца перадаць Варшаве сьпіс ахвяраў.
“Украінскі бок перадаў нам сьпіс польскіх афіцэраў, расстраляных на тэрыторыі Ўкраіны. Што да тых, хто быў забіты ў Беларусі, а гэта прыкладна 3800 чалавек, дык ад Менску мы дагэтуль не атрымалі сьпіс гэтых людзей. У Менску кажуць, што гэты сьпіс мае Масква, а ў Маскве, што ён знаходзіцца ў Менску. Гэтак працягваецца ўжо шмат гадоў”, -- паведаміў Анджэй Тухольскі Радыё Свабода.