Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На Беларусь прыпынілі трансьляцыю тэлеканалу «Россия» 10:36, 21/04/2004
17-18 красавіка ўвечары трансьляцыю тэлеканалу “Россия” на Беларусь прыпынілі — афіцыйна абвешчаная прафіляктыка супала па часе з суботняй праграмай “Зеркало” Мікалая Сванідзэ, які шмат увагі надаў беларускай тэме, і нядзельнай перадачай “Весткі тыдня”. На дзяржаўным тэлебачаньні Расеі вельмі абураныя гэтай сытуацыяй, паведаміў Радыё Свабода Мікалай Сванідзэ. «Я думаю, што ўсе тэхнічныя тлумачэньні — гэта поўная лухта, выпадковасьцяў такога кшталту не бывае, і мы з вамі гэта цудоўна ведаем. Ясна, што рашэньне пра адключэньне было прынятае пасьля таго, як прайшлі на Рэспубліку Беларусь анонсы праграмы “Зеркало”, -- лічыць Сванідзэ.
Намесьніца старшыні Ўсерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вікторыя Аруцюнава, якая адказвае за сувязі з грамадзкасьцю, пракамэнтавала адключэньне гэтак:
-- Мы ня маем ніякай адмысловай афіцыйнай пазыцыі з гэтай нагоды. У кампаніі да гэтага, як заўжды, нярадасна паставіліся — як здараецца кожны раз, калі беларускі бок дазваляе сабе нешта такое.
Рэтрансьляцыйны цэнтар у Калодзішчах пад Менскам спасылаецца на факс, дасланы кіраўніцтвам каналу СТВ, які мае цяпер выключнае права на распаўсюд перадачаў тэлеканалу “Россия” на беларускай тэрыторыі. У факсе паведамлялася пра тэхнічную прафіляктыку ад 17-й да 21-й гадзіны і ў суботу, і ў нядзелю. Аднак аўтар праграмы “Зеркало” Мікалай Сванідзэ, якога менская цэнзура першым выключыла з суботняга эфіру, лічыць, што менавіта абвестка пра матэрыялы праграмы, дзе плянавалася даволі жорсткае абмеркаваньне палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, і выклікала так званую “прафіляктыку”, якая звычайна робіцца ўдзень па буднях, а не ў прайм-тайм на выходныя.
Мікалай Сванідзэ, былы старшыня Ўсерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, таксама заявіў з нагоды факту цэнзуры ў Менску:
-- Такія рашэньні ніколі ня ідуць на карысьць уладзе. Яны сьведчаць пра паніку й няўпэўненасьць у сабе. Яны сьведчаць, што ўладзе няма чаго адказаць на інфармацыю, якая даецца ў тых праграмах, што яны вырашылі адключыць. Таму яны ня бачаць для сябе іншага варыянту, апрача як проста схаваць галаву ў пясок і прымусіць увесь беларускі народ проста заплюшчыць вочы й ня бачыць тое, што яму паказваюць.
Карэспандэнт Радыё Свабода спытаўся ў Мікалая Сванідзэ, ці не зьбіраецца ён адмовіцца ад беларускай тэматыкі ў праграме “Зеркало”, каб яе ўсё ж паказвалі жыхарам Беларусі:
-- Беларуская тэматыка будзе. І мы будзем працаваць на тэму таго, што адбываецца ў Беларусі, і працаваць гранічна шчыра. Гэта мая аўтарская пазыцыя, але справа ў тым, што я працую на дзяржаўным тэлеканале. І на любым тэлеканале, а на дзяржаўным тым больш, некалькі пазыцыяў — гэта шызафрэнія. Значыць, мая пазыцыя супадае з пазыцыяй каналу, -- заявіў Сванідзэ.
Нагадаем, што пасьля газавага канфлікту ў лютым тэлеканал “Россия” распавядаў пра пераход БРСМаўцаў у рух “Зубр” у Баранавічах, і пра царкву ў Бабры, дзе замалявалі выяву грэшніка, падобнага да Лукашэнкі, і пра скандал з лукашэнкавым віншаваньнем нямецкаму канцлеру Шрэдэру за цэлы месяц да ягонага юбілею. Белоруссия