Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кропка яшчэ не пастаўленая 12:05, 26/04/2004, Генадзь Кесьнер, «Радыё Рацыя»
24 красавіка спаўнілася 60 гадоў аднаму з самых выбітных дзеячоў беларускага дэмакратычнага руху 90-х гадоў Зянону Пазьняку. Восемь гадоў ён жыве ў эміграцыі, куды быў змушаны зьехаць пасьля “Чарнобыльскага шляху-96”. Сёньня асоба Пазьняка ў дэмакратычным асяродку ўспрымаецца неадназначна. Але ўсе прызнаюць, што Зянон Пазьняк быў пачаткоўцам тае хвалі, якая прывяла Беларусь да незалежнасьці.
Асобу Зянона Пазьняка сёньня ўспрымаюць па-рознаму. Улады ненавідзяць яго й нават спрабуюць ня ўзгадваць. Маўляў, 8 гадоў няма ў краіне, на гэтым можна на яго й забыцца. Многія ўзгадваюць спрэчны выступ Зянона Пазьняка акурат перад эміграцыяй каля Палацу спорту ў Менску ў часе жалобнага мітынгу на Чарнобыльскім шляху, калі тагачасны лідэр БНФ нечакана прапанаваў ушанаваць памяць забітага лідэра Чачні Джахара Дудаева. Адсутнасьць Пазьняка ў Беларусі прывяла да таго, што Беларускі народны фронт раскалоўся на дзьве часткі, цяпер гэта ўласна Партыя БНФ і БНФ “Адраджэньне” ды Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя “Беларускі Народны Фронт”. Нягледзячы ні на што, заслугі Зянона Пазьняка прызнаюць нават ягоныя апанэнты. Гаворыць намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:
- Я памятаю, як артыкул “Курапаты – дарога сьмерці” падштурхнуў нас, талакоўцаў, правесьці тыя першыя мітынг і шэсьце ўлетку 1988 году. І, я думаю, гэтая пасьпяховая акцыя “Талакі” натхніла старэйшых апазыцыянэраў на ідэю ствараць Народны фронт і масава прыцягваць людзей. Яго выступы ў парлямэнце, яго артыкулы пра расейскі імпэрыялізм – гэта велізарны ўнёсак. І справа ў тым, што Народны фронт, які ачольваўся Пазьняком і ствараўся на чале зь ім у 1989 годзе, выканаў сваю праграму. Якая была праграма: дэмакратыя, незалежнасьць, свабода слова, шматпартыйнасьць і гэтак далей. У 1992 годзе ўсё гэта было.
Але далей у Зянона Станіслававіча не было тае праграмы, як будаваць гэтую незалежную дзяржаву. Апрача зьнешніх момантаў: форму памянялі, новыя ордэны, сьцяг, герб, мова. Па гімне не дамовіліся, дык яго й не было. А далей? Як будаваць эканоміку, як праводзіць рэформы? Лічылася, што, калі ўжыць мэханізм свабоды, калі мы сарвем аковы зь беларускага народу, ужывем усю яго творчасьць, то ўсё вырашыцца само сабою. Аказалася – ня вырашылася. Наадварот, яны глядзелі на нас і казалі: вы нам разьбілі ланцугі, а далей што? А мы ня ведалі. І лідэр наш Зянон Пазьняк таксама ня ведаў. А далей, як сказана ў энцыкляпэдыі, у 1996 годзе зьехаў у эміграцыю пад пагрозаю рэпрэсіяў пасьля Чарнобыльскага шляху. Гэта была кропка энцыкляпэдычнага артыкулу. І палітычная кропка, фактычна, гэтай эміграцыяй была пастаўленая. Можа быць, некалі зьявіцца магчымасьць, і па вяртаньні ў Беларусь Зянон Пазьняк здолее зноў неяк уплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Але пакуль ён адсутнічае ў Беларусі ... І пакуль працягу таго артыкулу ў Беларускай гістарычнай энцыкляпэдыі няма. Белоруссия