Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На сэсію ПАРЭ паедуць жонкі зьніклых палітыкаў 16:55, 26/04/2004
На сэсію Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы зь Беларусі едуць Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская і Васіль Лявонаў. Гэта зьвязана з тым, што падчас сэсіі, якая распачнецца 26 красавіка, дэпутаты Парлямэнцкай асамблеі разгледзяць два пытаньні што тычацца непасрэдна Беларусі: пра зьніклых і пра стан СМІ ў Беларусі.
Жонкі зьніклых палітыкаў і старшыня апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” возьмуць удзел у прэсавай канфэрэнцыі, якую мяркуе даць у Страсбуры сябра ПАРЭ, дэпутат парлямэнту Кіпру Хрыстас Пургурыдэс.
Летась спадар Пургурыдэс двойчы наведаў Беларусь і падрыхтаваў дзьве справаздачы — пра ўціск сродкаў масавай інфармацыі ў краіне ды пра зьніклых Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Апошні дакумэнт зьмяшчаў шэраг сур’ёзных прапановаў — ад патрабаваньня адстаўкі Генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана да правядзеньня міжнародных судоў у справах зьніклых. На папярэдняй сэсіі ПАРЭ, у студзені 2004 году, юрыдычны камітэт асамблеі аднагалосна зацьвердзіў мэмарандум аб зьніклых.
Цяпер яго абмяркуе ўвесь дэпутацкі корпус Парлямэнцкай асамблеі, а гэта аж 600 парлямэнтароў з усяе Эўропы. Беларускае пытаньне ўключана ў парадак дня паседжаньня, якое адбудзецца 28 красавіка. Ня выключана, што Сьвятлана Завадзкая альбо Ірына Красоўская атрымаюць права выступіць перад дэпутатамі.
Акрамя названых асобаў запрашэньне наведаць Страсбур атрымалі таксама Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук, Мікола Статкевіч і Станіслаў Шушкевіч. Але ўсе яны па розных прычынах застаюцца ў Беларусі, паведаміла Радыё Свабода. Белоруссия