Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Заява Пасла ЗША ў Беларусі Джорджа Крола з нагоды 18-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы 15:59, 26/04/2004
Сёння Амбасада ЗША ў Мінску далучаецца да ўсіх беларусаў, каб адзначыць 18 год з дня катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У гэты дзень, як і на працягу апошніх 18 год, амерыканцы памятаюць аб чарнобыльскай аварыі і выказваюць свае спачуванні людзям Беларусі, асабліва тым з іх, чые жыцці крута змяніліся пасля гэтай жудаснай катастрофы.
Усе 18 год, і асабліва пасля таго, як Беларусь стала суверэннай і незалежнай дзяржавай, Злучаныя Штаты Амерыкі дапамагаюць ёй аблегчыць той вялізны цяжар, які чарнобыльская аварыя наклала на беларускую эканоміку, сістэму аховы здароўя і бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці раслі ў бяспечным асяроддзі. Урад ЗША праз Дзярждэпартамент і Камандаванне ўзброенымі сіламі ЗША ў Еўропе, а таксама шматлікія амерыканскія прыватныя дабрачынныя арганізацыі і асобныя грамадзяне перадалі абсталявання і медыкаментаў на суму больш за 200 мільёнаў долараў. Значная частка гэтай дапамогі была адрасаваная людзям, што жывуць на тэрыторыях, якія найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы.
У ліпені 2001 года было завершана будаўніцтва лабараторыі пералівання крыві пры Гомельскай абласной бальніцы хуткай дапамогі, якая абслугоўвае жыхароў Гомеля і Гомельскай вобласці. Уклад амерыканскага боку ў гэты праект дасягнуў 420 тысяч долараў. У 2003 годзе яшчэ 190 тысяч долараў было выдзелена на пачатак рэстаўрацыі другога будынку Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі. Таксама 100 тысяч долараў выдзелена Тураўскай раённай бальніцы для стварэння рэгіянальнага рэабілітацыйнага цэнтра для ахвяраў Чарнобыля і для людзей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях. Акрамя таго, тысячы беларускіх дзяцей з гэтых тэрыторый выязджалі на аздараўленне ў ЗША.
Катастрофы такога кшталту, як чарнобыльская, выходзяць за межы асобных дзяржаў і палітыкi. Таксама не ведаюць межаў чалавечая адказнасць і дабрыня. Амерыканская дапамога – гэта не дабрачыннасць, гэта адказнасць, якую амерыканцы і іншыя народы адчуваюць перад такімі ж людзьмі, што жывуць на Беларусі. Амерыканцы, і асабліва Амбасада ЗША на Беларусі, застаюцца адданымі супрацоўніцтву з беларускім народам ў пераадоленні сумных наступстваў чарнобыльскай катастрофы.