Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адкуль у Марыніча кампутары і фальшывыя даляры? 11:32, 04/05/2004
Дзяржаўнае тэлебачаньне 2 траўня ўвечары ў сюжэце пра Міхаіла Марыніча паведаміла некаторыя падрабязнасьці ягонай справы. На БТ сьцьвярджаюць, што частка знойдзеных у Міхаіла Марыніча 90 тысяч даляраў нібыта фальшывыя. Было паведамлена і пра 4 кампутары, знойдзеныя ў гаражы Марыніча. Сваякі і знаёмыя Міхаіла Марыніча тлумачаць Радыё Свабода падрабязнасьці ягонай справы што да амэрыканскіх кампутараў, нібыта фальшывых даляраў і сакрэтных дакумэнтаў.
Паводле тэлежурналістаў, знойдзеныя ў гаражы кампутары Міхаілу Марынічу перадала амэрыканская амбасада для стварэньня рэгіянальнай сеткі арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”.
Сын Міхаіла Марыніча Ігар распавёў Радыё Свабода тое, што ведае пра грошы і кампутары, якія забралі ў ягонага бацькі. Ён ня верыць у тое, што частка грошай была фальшывая. Паводле яго, у тым, што прэтэнзіяў з прычыны грошай ня будзе, быў перакананы і Міхаіл Марыніч, калі пайшоў 26 красавіка ў КГБ забіраць часова затрыманыя ў яго яшчэ 24 красавіка 90 тысяч даляраў.
Паводле Ігара, бацька не хаваў, на што прызначаныя грошы. “Ён тлумачыў, што зьбіраецца патраціць іх на падтрымку дэмакратычных кандыдатаў на будучых парлямэнцкіх выбарах”, — сьцьвярджае Ігар Марыніч. Пры гэтым ён заўважае, што спачатку супрацоўнікі КГБ і не цікавіліся, дзеля чаго грошы. Іх цікавіла толькі тое, ці не фальшывыя яны.
Што да кампутараў, Ігар Марыніч ведае, што іх амэрыканцы перадалі арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” ў якасьці дапамогі. Хто дакладна перадаў, ён ня ведае, а ў гаражы яны апынуліся пасьля таго, як узьніклі праблемы з офісам. “Часова іх проста не было куды разьмесьціць”, — кажа Ігар Марыніч.
Паводле супрацоўніцы “Дзелавой ініцыятывы” Людмілы Гумар, кампутары прызначаліся для рэгіянальных інфармацыйных цэнтраў “Дзелавой ініцыятывы” ў Вялейцы і Жлобіне і чакалі адкрыцьця гэтых цэнтраў.
Кіраўнік дасьледчага цэнтру “Стрэтэгія “ Леанід Заіка актыўна супрацоўнічаў зь “Дзелавой ініцыятывай”. Ён згадаў, што прыход Міхаіла Марыніча ажывіў гэтую арганізацыю, створаную ў сярэдзіне 1990-х гадоў з ініцыятывы Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара ды іншых вядомых палітыкаў. Але апошнім часам працаваць у Беларусі Міхаілу Марынічу было ўсё складаней. Паводле Леаніда Заікі, Марынічу ўдалося дасягнуць значна большых посьпехаў за межамі Беларусі, асабліва ў кантактах з уплывовымі расейскімі бізнэсмэнамі. Гэта і магло прывесьці да затрыманьня Міхаіла Марыніча, не выключае Леанід Заіка.
Яшчэ адно цікавае тлумачэньне ўдалося атрымаць ад былой супрацоўніцы Міністэрства замежнаэканамічных сувязяў, якім у 1990-х гадох кіраваў Міхаіл Марыніч. Гэтая супрацоўніца распавяла, што калі міністэрства ліквідавалі і злучалі зь Міністэрствам замежных справаў, ягоны архіў не прынялі, бо ў архіве МЗС не было месца. Тады былы міністар Міхаіл Марыніч і мусіў частку дакумэнтаў зьвезьці на лецішча “для гісторыі”. Ня выключана, што менавіта гэтыя дакумэнты цяпер КГБ называе “сакрэтнымі”. Минск, Белоруссия mmmmm