|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Обращение к белорусскому народу в связи с расширением Европейского Союза 15:36, 04/05/2004
Паважаныя спадарыні і спадары! Я вельмі рады магчымасці быць разам з вамі на святкаванні дня пашырэння Еўрапейскага саюза і звярнуцца да вас з гэтай прамовай у Мінску, у пасольстве Літоўскай Рэспублікі, якая з`яўляецца адным з новых членаў еўрапейскай сям`і. Сёння дзесяць новых краін далучаюцца да Еўрапейскага саюза, што знамянуе беспрэцэдэнтную гістарычную падзею. Гэтае самае вялікае адначасовае павелічэнне колькасці краін ЕС у ходзе мірнай інтэграцыі прывядзе да аб`яднання 25 суверэнных дзяржаў. Гэта яшчэ раз пацвярджае першапачатковую сутнасць Еўрапейскай супольнасці, якая была створана пасля заканчэння другой сусветнай вайны з дзёрзкай і амбіцыёзнай мэтай – прадухіліць паўтарэнне падобных зверстваў і даць магчымасць грамадзянам Еўропы жыць разам і працаваць на карысць эканамічнага працвітання ў абстаноўцы міру. У выніку пашырэння Еўрапейскі саюз павялічыць колькасць сваіх грамадзян да 450 мільёнаў чалавек і будзе ўяўляць сабой найбольш буйны і самы паспяховы прыклад рэгіянальный інтэграцыі ў свеце, што само па сабе з`яўляецца вельмі важным. Але самае важнае – тое, што гэтае пашырэнне ўмацуе Еўрапейскі саюз як супольнасць, заснаваную на вяршэнстве закону, аб`яднаную ў сваёй разнастайнасці і поўнасцю адданую прынцыпам свабоды, дэмакратыі, стабільнасці і цяснейшага саюзу народаў. Пашырэнне таксама сведчыць аб беспрэцэдэнтных дасягненнях і з боку Еўрапейскага саюза, і з боку краін, што ў яго ўступаюць. Дзяржавы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ператварыліся ў краіны з моцнымі дэмакратычнымі асновамі і паўнавартаснай рыначнай эканомікай у надзвычайна кароткі тэрмін. Натхнённыя перспектывай уступлення ў ЕС, яны ажыццявілі радыкальныя і фундаментальныя пераўтварэнні на ўсіх узроўнях з рашучасцю, якая вартая толькі захаплення. Калі параўноўваць з папярэднімі этапамі пашырэння, задачы, якія зараз стаяць перад намі, уяўляюцца больш значнымі. За час, што прайшоў пасля першага пашырэння ў 1973 годзе, цэнтралізацыя кіравання і паўнамоцтваў ахапіла значна больш сфер. У цяперашні час ЕС падразумявае адзіны развіты рынак, эканамічны і валютны саюз з еўра ў якасці адзінай валюты, Шэнгенскую тэрыторыю, якая забяспечвае большую ўнутраную свабоду перамяшчэння для грамадзян, супрацоўніцтва ў сферы правасуддзя, агульную знешнюю палітыку і палітыку ў галіне бяспекі. Адпавядаць умовам, што прад`яўляюцца да краін – членаў ЕС, сёння з`яўляецца складанай задачай, якая патрабуе значных намаганняў на ўсіх узроўнях. Гэтая задача была выканана новымі краінамі-членамі толькі ў выніку настойлівасці, мэтанакіраванасці і ўпартасці ўсіх зацікаўленых бакоў. Дзякуючы падрыхтоўчай стратэгіі Еўрапейскага саюза зроблены такі рашучы крок наперад за такі кароткі час у справе дасягнення мэты ўз`яднання еўрапейскага кантынента, якая здавалася невыканальнай. Прынятая ў 1993 годзе, гэтая падрыхтоўчая стратэгія была заклікана ўлічваць інтарэсы кожнай з краін-кандыдатаў і ўпершыню прадугледжвала агульныя рамкі прадастаўлення значнай фінансавай дапамогі для падтрымкі падрыхтоўчых мерапрыемстваў па ўступленню ў ЕС. Рашучасць Еўрапейскага саюза у дасягненні поспеху ў пашырэнні была яшчэ раз прадэманстравана падчас перамоў па ўступленню яго цвёрдай пазіцыяй у дачыненні да выканання ўсяго комплексу прынцыпаў, абавязацельстваў, законаў і стандартаў практычнай дзейнасці, якія ўтвараюць наш набытак, так званае acquis communautaire, і забеспячэння эфектыўнага функцыянавання ўсяго пашыранага Саюза. Відавочна тое, што новым краінам-членам давядзецца яшчэ даганяць астатніх у пытаннях, якія тычацца сацыяльнага і эканамічнага развіцця. У гэтых адносінах членства будзе з`яўляцца каталізатарам у справе дасягнення працвітання і ўмацавання салідарнасці ўнутры Саюза. Новыя краіны-члены будуць карыстацца структурнай падтрымкай з боку ЕС. Але ў гэтым выпадку размова ідзе не толькі пра грошы. Прагрэс, дасягнуты маёй краінай – Іспаніяй – за амаль 20 гадоў членства ў Еўрасаюзе, паказвае, якія станоўчыя змяненні можа прынесці ўступленне ў галіне палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і развіцця дэмакратыі. У мяне няма падстаў меркаваць, што будзе па-іншаму для 10 новых краін – членаў ЕС. Дзесяць новых краін-членаў далучаюцца да Саюза ў адказны момант. Ёсць спадзяванне, што дыскусіі па праекце Канстытуцыі Еўропы будуць паспяхова завершаны ў чэрвені 2004 года. Гэта будзе азначаць важную веху ў развіцці Саюза. Я ўпэўнены, што будзе праяўлена неабходная палітычная воля, адказнасць і рашучасць, каб найбольш поўна ўлічыць інтарэсы Еўрапейскага саюза і будучыні Еўропы. Аднак патрэбны час, каб заключыць пагадненне па Канстытуцыі, і ратыфікацыя будзе ўяўляць сабой працяглы працэс. Таму Еўрапейскі саюз, які аб`ядноўвае 25 краін, будзе функцыянаваць у найбліжэйшай будучыні на базе існуючых пагадненняў. На практычным і функцыянальным узроўні шмат ужо прадугледжана ў дагаворы, падпісаным у Ніццы, для выканання задач пашырэння, якія накіраваныя на эфектыўную дзейнасць інстытутаў у пашыраным Саюзе, і аптымізацыю працэсу прыняцця рашэнняў. Апрача таго, пасля падпісання дагавора аб уступленні ў красавіку 2003 года, дзесяць новых краін-членаў удзельнічаюць у працы Савета Еўрапейскага саюза і Еўрапарламента ў якасці актыўных назіральнікаў, набываючы каштоўны вопыт. Паколькі Еўрапейскі саюз ставіць сабе за мэту тое, каб зрабіць Еўропу кантынентам дэмакратыі, свабоды, міру і працвітання, ён становіцца вельмі прывабным клубам. І няма прыкмет таго, што лакаматыў пашырэння запаволіць свой ход. Балгарыя і Румынія, якія пачалі перамовы па ўступленні ў 2000 годзе, з`яўляюцца часткай незваротнага працэсу. Нашая мэта – прыняць іх у Еўрапейскі саюз у студзені 2007 года пры ўмове, калі яны будуць гатовыя. Абедзве гэтыя краіны стратэгічна важныя для Еўрапейскага саюза і для палітычнай і эканамічнай стабільнасці на Балканах. Я ўпэўнены, што пры неабходнай палітычнай волі яны змогуць своечасова выканаць патрабаванні па членстве ў ЕС. Еўрапейскі саюз таксама будзе прымаць іншыя важныя рашэнні ў найбліжэйшай будучыні: спачатку ў чэрвені Еўрапейскі савет разгледзіць пытанне аб пачатку перамоў па ўступленні Харватыі, а потым, у снежні, – аб перспектыве пачатку перамоў з Турцыяй. Савет Еўрапейскага саюза таксама неўзабаве разгледзіць заяўку на членства ад Македоніі. У адпаведнасці са сваім абавязацельствам не дапусціць з`яўлення новых размежавальных ліній у Еўропе, Еўрапейскі саюз праводзіць Палітыку Добрасуседства, накіраваную на ўмацаванне стабільнасці і паляпшэнне эканамічнага становішча па іншы бок граніц Саюза і на Усходзе, і на Поўдні. У гэтай сувязі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕС у чэрвені гэтага года будуць прымаць рашэнне па далейшых кроках у справе развіцця супрацоўніцтва і прасоўвання рэформ у шэрагу краін. Гэта паглыбіць нашы двухбаковыя адносіны на карысць Саюза і нашых суседзяў і дазволіць ім браць усё большы ўдзел у праграмах і праектах ЕС, уключаючы развіццё адзінага рынку ЕС. Што тычыцца Беларусі, выбар відавочны: або скарыстаць наяўныя ці будучыя магчымасці для супрацоўніцтва з Еўропай, або стаяць у баку. Калі Беларусь вырашыць пайсці па першым з гэтых шляхоў, Еўрапейскі саюз гатовы дапамагчы ёй заняць дастойнае месца ў Еўропе. На гэтым перакрыжаванні, калі ўся астатняя Еўропа рухаецца да далейшай інтэграцыі і супрацоўніцтва, у тым ліку да ўстанаўлення цеснага партнёрства паміж ЕС і Расіяй, ізаляцыянісцкая палітыка толькі адкіне нас назад на шляху да свабоднай і непадзельнай Еўропы. Як ні парадаксальна, улічваючы тое, як шмат было зроблена падчас падрыхтоўкі да цяперашняга пашырэння, зараз мы знаходзімся у сітуацыі, калі 1 мая азнамянуе толькі пачатак. Новыя краіны-члены дэманструюць добры ўзровень падрыхтоўкі, і многія ўнутраныя пытанні, што тычацца іх членства, ужо вырашаны. У Бруселі саюз 25-ці знаходзіцца ў поўнай гатоўнасці вырашаць наступныя задачы. Саюз мяняецца, мяняецца да лепшага. Мы разлічваем на нашых новых членаў, калі прыйдзе час прымаць сур`ёзныя рашэнні. Іх далучэнне служыць пастаянным напамінам аб тым, што на самой справе ўяўляе сабой Саюз — разнастайнасць у адзінстве. Я ўдзячны вам на вашу ўвагу і вашу прысутнасць тут сёння з нагоды гэтай важнай падзеі для Еўрапейскага саюза і еўрапейскага кантынента. Минск, Белоруссия
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|