Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Горадні КГБ правёў ператрусы ў трох офісах 11:05, 12/05/2004
Ператрусы ў некалькіх дэмакратычных арганізацыях прайшлі 11 траўня ў Гародні. Сьледчыя КГБ шукалі, дзе магла быць надрукавана першатравеньская ўлётка зь вершам, у якім КГБ ўбачыў абразу на адрас прэзыдэнта Лукашэнкі.
Як паведамляе Радыё Свабода, а 15-й гадзіне каманда гэбістаў завітала на вуліцу Карла Маркса 11, дзе месьцяцца грамадзкія арганізацыі — “Бацькаўшчына” і Таварыства беларускай мовы (ТБМ). У гэтым пакоі робіцца газэта “День”, а яе галоўны рэдактар Мікола Маркевіч адначасова ўзначальвае філіі Таварыства беларускай мовы і “Бацькаўшчыны”. На думку Міколы Маркевіча, мэта КГБ – перашкодзіць выхаду газэты.
Ператрус доўжыўся чатыры гадзіны, усе кампутары былі апячатаны. У 19.15 выйшлі спачатку міліцыянты, потым супрацоўнікі КГБ у цывільным вынесьлі ўсе чатыры сыстэмныя блёкі рэдакцыі “Дня”. На сёньня нумар газэты “День” быў гатовы на 75 адсоткаў, але цяпер невядома калі яго ўдасца выпусьціць.
Калі ператрусы зьвязаныя з крымінальнай справай па факту абразы прэзыдэнта Лукашэнкі, з улёткай, якое да гэтага маглі мець дачыненьне Таварыства беларускай мовы і газэта “День”? Сьледчы КГБ Фядулаў патлумачыў Міколу Маркевічу, што нібыта сябры ТБМ кантактавалі з Валерыем Леванеўскім — кіраўніком Агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў і сябрам Кардынацыйнага Савету Еўрапейкай кааліцыі “Свабодная Беларусь”. Яго затрымалі і пасадзілі на 15 сутак якраз за распаўсюд гэтых улётак.
З аднаго боку на гэтых улётках надрукавана фота самога Леванеўскага і заклік прыйсьці 1 траўня на мітынг пратэсту, з другога — верш, які ў КГБ прачыталі і знайшлі абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. У вершы адзін раз згадваецца слова “прэзыдэнт”.
Сьледчы лічыць, што сябры ТБМ маглі дапамагчы Леванеўскаму памножыць улётку.
Ператрусы адбыліся таксама ў Таварыстве беларускай школы (ТБШ) і ў Фондзе Льва Сапегі, якія знаходзяцца ў іншых месцах. У ТБШ нічога не забралі, а вось Фонд Сапегі мае страты. Як паведаміў кіраўнік філіі Фонду Ўладзімер Хільмановіч, КГБ канфіскавала ў іх кампутарную тэхніку і адну кніжку — пад назвай “Зямля сьвятога Лукі” гарадзенскага паэта Алеся Чобата ў польскім перакладзе. lllll