Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міжнародная супольнасьць сочыць за галадоўкай беларускіх дэпутатаў 11:12, 07/06/2004
Пра галадоўку паінфармаваны дзейны старшыня АБСЭ — міністар замежных справаў Баўгарыі Саламон Пасі, які 8 чэрвеня прыедзе ў Менск. Кіраўніца рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі Ута Цапф выказвае салідарнасьць з галадоўнікамі. Прадстаўнік Эўразьвязу ў справах замежнай палітыкі й бясьпекі Хаўер Саляна заклапочаны галадоўкай у Менску.
Супрацоўнік менскага офісу АБСЭ Вадзім Целін у пятніцу паведаміў Радыё Свабода, што ягоны офіс сур’ёзна паставіўся да галадоўкі трох дэпутатаў:
“Мы паінфармавалі старшынёўства АБСЭ пра гэтую галадоўку, а таксама пра зварот, які быў распаўсюджаны гэтымі дэпутатамі. Мы пільна сочым за разьвіцьцём падзеяў у гэтай справе, таксама ўлічваючы візыт дзейнага старшыні АБСЭ ў Менск”.
Візыт міністра замежных справаў Баўгарыі Саламона Пасі ў Беларусь пачнецца 8 чэрвеня і быў заплянаваны яшчэ да галадоўкі, аднак супрацоўнікі офісу АБСЭ ў Менску падкрэсьліваюць, што тэма гэтага пратэсту трох дэпутатаў беларускага парлямэнту ды іх патрабаваньняў разгледзець зьмены ў Выбарчым кодэксе будуць абавязковыя абмеркаваныя падчас сустрэчы дзейнага старшыні АБСЭ зь беларускімі чыноўнікамі.
А кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ута Цапф, якая на мінулым тыдні сустракалася з Валерам Фраловым у Бэрліне, у інтэрвію Радыё Свабода сказала:
“…Я думаю, што гэта акт адчаю. Мажліва, яны не атрымаюць ніякіх вынікаў што да паляпшэньня Выбарчага кодэксу, але, наколькі я разумею, яны хацелі ўказаць на нешта вельмі сур’ёзнае, таму што, вядома, пабойваюцца, што будучыя выбары ня будуць справядлівымі й свабоднымі ды не прынясуць ніякіх добрых вынікаў у справе паляпшэньня сытуацыі з удзелам апазыцыі ў парлямэнце…Вядома, я падтрымліваю тыя паляпшэньні, якіх яны дамагаюцца”.
А памочнік Хаўера Саляны, прадстаўніка Эўразьвязу ў справах замежнай палітыкі й бясьпекі, зь якім сябры групы “Рэспубліка” нядаўна сустракаліся ў Брусэлі, прасіў не называць ягонага імя, але заявіў пра галадоўку:
“Існуе вялікая заклапочанасьць тым, што адбываецца, і як вы, напэўна, ведаеце, спадар Саляна, калі сустракаўся зь лідэрамі беларускай апазыцыі, выказаў сваю глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі. Пачуўшы і прачытаўшы пра галадоўку гэтых парлямэнтароў, якія толькі што былі ў Брусэлі, спадар Саляна, вядома, ня толькі сумуе, але і хвалюецца”. Минск, Белоруссия