Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нямецкія хрысьціянскія дэмакраты падтрымалі беларускіх галадоўнікаў 10:38, 14/06/2004, RFE/RL
“Падаўленьне палітычнай апазыцыі ў Беларусі набірае моц. Мы патрабуем прамых і дэмакратычных выбараў у апошняй дыктатуры Эўропы” – такую заяву 12 чэрвеня зрабілі дэпутаты ад фракцыі ХДС/ХСС у нямецкім Бундэстагу. Хрысціянскія дэмакраты выказалі ў гэтым сваю поўную салідарнасьць з фракцыяй сацыял-дэмакратаў: дзень таму сябры гэтае партыі зьвярнуліся да ўсіх палітыкаў Нямеччыны з заклікам падтрымаць беларускіх галадоўнікаў.
Прадстаўнікі фракцыі ХДС/ХСС перакананыя, што нямецкі, а таксама і эўрапейскі ўрады павінны зрабіць адпаведны ціск на афіцыйны Менск дзеля таго, каб той забясьпечыў пэўныя гарантыі для правядзеньня ў краіне справядлівай выбарчай кампаніі.
Паводле чарговай заявы нямецкіх палітыкаў, апошняе разьвіцьцё падзеяў у Беларусі яскрава дэманструе, што рэжым Лукашэнкі не зацікаўлены ў тым, каб роўныя правы ў выбарчай кампаніі мелі ўсе палітычныя сілы краіны і каб выбарчая барацьба вялася справядліва і празрыста – рэжым Лукашэнкі не зацікаўлены ў дэмакратычных выбарах увогуле.
Як адзначаюць нямецкія дэпутаты, беларускі парлямэнт апошнім часам дэманстрацыйна ізалюецца як ад прэсы, так і ад назіральнікаў. Пасьля таго як сьпікер Вадзім Папоў у часе выступу адключыў мікрафон дэпутату групы “Рэспубліка” Валерыю Фралову, стала відавочным, што ў беларускім “нацыянальным сходзе” зроблены курс на абмежаваньне абмену думкамі сярод парлямэнтароў. “Тым часам, -- гаворыцца ў заяве,-- дэпутат Фралоў выказаў ня што іншае як слушную прапанову адносна адкрытых дэбатаў наконт зьменаў у выбарчым кодэксе, а таксама патрабаваньне адносна тэрміновага вызваленьня былога міністра Міхаіла Марыніча, які насуперак нормам міжнароднага права знаходзіцца ў зьняволеньні.”
Паводле дэпутатаў Бундэстагу, апошняе абмежаваньне свабоды выказваньня ў беларускім парлямэнце ёсьць чарговым крокам у падаўленьні дэмакратыі ў Беларусі. Дагэтуль у краіне назіраліся магутны перасьлед апазыцыйных палітыкаў, абмежаваньне свабоды сходаў, ціск на няўрадавыя арганізацыі, цэнзура ў СМІ і забарона незалежных выданьняў.
“Мы патрабуем прамых і празрыстых выбараў у апошняй дыктатуры Эўропы,” --гавораць у сваёй заяве прадстаўнікі фракцыі ХДС/ХСС. Нямецкія парлямэнтары заклікаюць урад сваёй краіны патрымаць беларускіх галадоўнікаў. Яны патрабуюць ад кіраўніцтва Нямеччыны, каб тое разам з урадамі Эўропы і ЗША павялічыла ціск на рэжым Лукашэнкі й прысьпешыла афіцыйны Менск накіраваць незалежным міжнародным назіральнікам запрашэньне на выбары. “У часе выбарчай кампаніі ў краіне мусяць захоўвацца роўныя правы для ўсіх палітычных сілаў,” -- гаворыцца ў заяве. Минск, Белоруссия