Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ахова Лукашэнкі затрымала карэспандэнта радыё «Свабода» 10:44, 23/06/2004, фото ByMedia.net
22 чэрвеня а 10-й гадзіне раніцы карэспандэнт радыё «Свабода» Юры Сьвірко прыйшоў у Дом ураду, каб трапіць на паседжаньне сэсіі “палаты прадстаўнікоў”. Ён паказаў пропуск на ўваход у палату зь пячаткай службы бясьпекі ды пасьведчаньне аб рэгістрацыі МЗС. Убачыўшы назву радыё, ахоўнік у форме службы бясьпекі прэзыдэнта заявіў, што карэспандэнта не прапусьціць. Калі карэспандэнт дастаў дыктафон, уключыў яго і спытаўся, на якой падставе яму забаронены ўваход у “палату прадстаўнікоў”, ахоўнік забраў дыктафон, а журналіста адразу схапілі нейкія людзі ў цывільным, заламалі рукі й выпіхнулі з будынку.
У Дом ураду ў гэты момант уваходзіў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен, які стаўся сьведкам падзеяў. Супрацоўнік службы бясьпекі зьнішчыў усе запісы на мінідыску ў дыктафоне карэспандэнта — на вачах у кіраўніцы дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Уты Цапф, якая прыехала падчас скандалу. Дыктафон Юрыю Сьвірку вярнулі, і ён зноў паспрабаваў прайсьці ў будынак. Тады нейкі начальнік у цывільным забраў у яго абодва акрэдытацыйныя пасьведчаньні й заявіў, што яны больш несапраўдныя.
Пазьней гэты ж начальнік у цывільным, з рацыяй у руцэ запатрабаваў ад карэспандэнта “ачысьціць памяшканьне”. Калі Юры Сьвірко папрасіў таго паказаць ягонае пасьведчаньне, выбегла 6 чалавек у цывільным, зноў схапілі журналіста, ледзь не зламалі руку, а потым пацягнулі праз Цэнтарвыбаркам да ўваходу ў Прэзыдэнцкую бібліятэку. Там стаяў УАЗ з чырвоным міліцэйскім нумарам МН0773, карэспандэнта “Свабоды” запхнулі на задняе сядзеньне, дзе побач зь ім селі яшчэ трое ў цывільным. “Уазік” пэўны час стаяў на тэрыторыі Дому ўраду, а потым выехаў і прыпаркаваўся каля Чырвонага касьцёлу.
Двое ахоўнікаў засталіся пільнаваць журналіста, якому было забаронена тэлефанаваць з мабільнага і адказваць на тэлефанаваньні. Нарэшце вярнуўся іх начальнік і сказаў: “Дзе вы жывяце? Мы вас туды зараз адвязем. І за гэта грошай ня возьмем — лічыце, што гэта таксі”. Юры Сьвірко назваў вуліцу Энгельса, дзе знаходзіцца ягоная кватэра, і “ўазік” адвёз журналіста туды — там, каля рэдакцыі газэты “Народная воля”, яго выпусьцілі, паведаміла радыё. Минск, Белоруссия