Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Тэры Дэвіс не зьбіраецца вяртаць беларускаму парлямэнту статус адмысловага госьця у ПАРЭ 10:53, 24/06/2004, фото ByMedia.net
Абраны генэральным сакратаром Рады Эўропы брытанскі парлямэнтар Тэры Дэвіс у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што ўжо “выдыхнуліся” ўсе спробы аднавіць у ПАРЭ статус адмысловага госьця для беларускага парлямэнту. “Як вы ведаеце, статус госьця быў прыпынены пэўны час таму. Было некалькі спробаў з боку асобаў тут у Радзе Эўропы, і я быў сярод іх, усталяваць дыялёг зь беларускімі ўладамі. Але падаецца, што гэта выдыхнулася. Я ня думаю, што цяпер нешта адбываецца. І шкада — я вельмі спадзяюся, што беларускія ўлады знойдуць магчымасьць ажыцьцявіць некаторыя зьмены, каб працяг дыялёгу быў забясьпечаны”, -- паведаміў Тэры Дэвіс.
У сераду раніцай зьявіліся паведамленьні, што абраны напярэдадні генэральным сакратаром Рады Эўропы Тэры Дэвіс заявіў, што магчымае вяртаньне беларускаму парлямэнту статусу адмысловага госьця ў ПАРЭ. “Гэтае пытаньне абавязкова будзе закранутае”, — падалі цытату з заявы спадара Дэвіса.
Але ці значыць гэта, што ён выступае прыхільнікам аднаўленьня статусу, які быў прыпынены ў студзені 1997 году пасьля апошняга рэфэрэндуму ў Беларусі, зьмены Канстытуцыі й роспуску Вярхоўнага Савету. У інтэрвію Радыё Свабода Тэры Дэвіс заявіў:
-- Як вы ведаеце, статус госьця быў прыпынены пэўны час таму. Было некалькі спробаў з боку асобаў тут у Радзе Эўропы, і я быў сярод іх, усталяваць дыялёг зь беларускімі ўладамі. Але падаецца, што гэта выдыхнулася. Я ня думаю, што цяпер нешта адбываецца. І шкада — я вельмі спадзяюся, што беларускія ўлады знойдуць магчымасьць ажыцьцявіць некаторыя зьмены, каб працяг дыялёгу быў забясьпечаны.
-- Спадар Дэвіс, якая ваша ацэнка сытуацыі ў Беларусі — сытуацыя пагаршаецца напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, ці паляпшаецца?
-- Мінуў ужо некаторы час з таго моманту, калі я наведваў Беларусь, таму для мяне цяжка аналізаваць сытуацыю там. Я бачыў сьцьвярджэньні й скаргі на тое, што сытуацыя пагаршаецца. Але я насамрэч не магу даваць ніякіх дэтальных камэнтароў без таго, каб паслухаць значна больш інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі. Відавочна, я зь нецярпеньнем чакаю вынікаў гэтых выбараў.
-- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы нядаўна прыняла даклад Хрыстаса Пургурыдэса “Зьніклыя асобы ў Беларусі” ды ўхваліла адпаведныя рэкамэндацыі ўвесьці санкцыі супраць Беларусі. Вы асабіста падтрымліваеце гэтую лінію, якую прапанаваў спадар Пургурыдэс, і гэтыя рэкамэндацыі?
-- Я ня бачу іншай альтэрнатывы, акрамя як падтрымаць ягоны даклад, што быў прыняты Асамблеяй. Я шкадую, што не было зроблена больш, каб разьвязаць таямніцу тых людзей, якія зьніклі.
-- Пасьля таго, як вы пачнеце працаваць генэральным сакратаром Рады Эўропы, ці плянуеце вы наведаць Беларусь на гэтай пасадзе — напрыклад, да кастрычніцкіх выбараў або пасьля?
-- Не, я не лічу правільным для генэральнага сакратара наведваць краіны падчас выбараў. Што да пэрыяду пасьля іх, дык гэта залежыць ад разьвіцьця падзеяў. Трэба пачакаць і паглядзець. Минск, Белоруссия