Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Камісія Эўразьвязу дасьледуе факты парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі 14:07, 24/06/2004
Сёньня ў Менску распачынае працу надзвычайная камісія Эўразьвязу ў справе дасьледаваньня фактаў парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі. Камісія была створаная ў выніку адмысловага звароту Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў са скаргай аб сыстэматычным парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі, засьведчаным грамадзкімі арганізацыямі, незалежнымі прафсаюзамі й недзяржаўнымі мэдыямі.
Ад сёньняшняга дня й да 29 чэрвеня сябры камісіі плянуюць выслухаць чальцоў незалежных прафсаюзаў і Фэдэрацыі прафсаюзаў пад кіраўніцтвам Леаніда Козіка, прадстаўнікоў наймальнікаў і чыноўнікаў ураду Беларусі. На падставе гэтых сьведчаньняў камісія Эўразьвязу мусіць падрыхтаваць адмысловую рэзалюцыю, паводле якой будзе прынятае рашэньне пра захаваньне альбо адмену ільготаў, якімі Беларусь карыстаецца ў гандлі з краінамі Эўразьвязу. Цяпер гэтая эканамічная прэфэрэнцыя складае прыкладна сто мільёнаў эўра штогод.
З мэтай захаваньня канфідэнцыйнасьці й незалежнасьці камісія Эўразьвязу працуе ў рэжыме максымальнай закрытасьці для кантактаў з шырокай грамадзкасьцю й сродкамі масавай інфармацыі. Тым ня менш, вядома, што сустрэчы чальцоў камісіі Эўразьвязу з прадстаўнікамі Незалежных прафсаюзаў Беларусі адбудуцца ў суботу й нядзелю, 26 і 27 чэрвеня. Будуць заслуханыя 25 сьведкаў, сяброў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, Свабоднага прафсаюзу, Прафсаюзу РЭПАМ і іншых незалежных прафаб’яднаньняў, паведаміла Радыё Свабода.