Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Адміністратыўнае права ў Беларусі – гэта інструмэнт палітычнага ціску на апазыцыю» 15:49, 07/07/2004
У сядзібе Партыі БНФ адбылася прэзентацыя кнігі “Маніторынг выкананьня права на справядлівае судовае разьбіральніцтва падчас разгляду справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях”. Кнігу прэзентавалі каардынатар праграмы маніторынгу, юрыст Юры Чавусаў, каардынатар праграмы па Менску, старшыня Арганізацыйна-прававой камісіі Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Маніторынг складаюць вынікі назіраньня за 533-ма адміністратыўнымі працэсамі ў дванаццаці судах гарадоў Мінску, Берасьця, Віцебску, Наваполацку і Полацку. Назіраньне зьдзейсьнілі актывісты праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Паводле Юрыя Чавусава, адміністратыўнае права сёньня – гэта не сродак падтрыманьня парадку ў краіне, а інструмэнт палітычнага ціску на апазыцыю і крыніца фінансавай падтрымкі існуючай улады. У Беларусі штогод фіксуецца больш за мільён адміністратыўных правапарушэньняў. Толькі 328 тысяч зь іх разгялядаюцца ў судах.
“Падчас разгляду ігнаруюцца патрабаваньні закону і прынцыпы захаваньня правоў чалавека. Многія людзі прыцягваюцца да адказнасьці завочна. Ім не прад’яўляецца павестка ў суд, прысутнасьць правапарушальніка на судовым паседжаньні зьяўляецца не абавязковай,” – сказаў Уладзімер Лабковіч.
Новая кніга павінна паспрыяць захаваньню правоў грамадзянаў і выкананьню патрабаваньняў закону падчас разгляду справаў аб адміністратыўных парушэньнях. Дзеля гэтага ў разьдзеле маніторынгу “Рэкамендацыі па паляпшэньні становішча” ўтрымліваюцца практычныя прапановы для супрацоўнікаў судоў. Стваральнікі кнігі спадзяюцца, што дзякуючы гэтым прапановам судзьдзі зьменяць тактыку разгляду справаў, паведаміла прэс-служба Партыі БНФ. Минск, Белоруссия