Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Цэнтравыбаркам адрынуў прапановы Ўладзімера Навасяда 10:45, 16/07/2004, фото ByMedia.net
Ніводная з шасьці прапановаў дэпутата “палаты прадстаўнікоў” Уладзімера Навасяда не была ўлічана Цэнтравыбаркамам. Уладзімер Навасяд прасіў, напрыклад, вызначыць крытэры, згодна зь якімі мясцовыя ўлады фармуюць выбарчыя камісіі; больш дакладна прапісаць працэдуры захоўваньня скрынак падчас датэрміновага галасаваньня. У адпаведнай пастанове, прынятай на паседжаньні ЦВК 15 ліпеня, сьцьвярджаецца, што дадзеныя прапановы альбо выходзяць за межы кампэтэнцыі выбарчай камісіі, альбо прапанаванае ўжо дастаткова распрацавана ў дзейным заканадаўстве.
"Мы абавязаны сачыць толькі за чысьцінёй ужываньня Выбарчага кодэксу падчас выбарчай кампаніі. А нам спадар Навасяд прапануе правесьці гэтак званае пашыральнае тлумачэньне норм закону. Гэта могуць зрабіць толькі заканатворцы. Сапраўды, шмат чаго з прапанаванага спадаром Навасядам няма ў заканадаўстве. І таму прапаноўваць гэта трэба ў Авальнай залі заканатворцам. Калі яны палічаць патрэбным пашырыць правы назіральнікаў, мы будзем выконваць гэтую функцыю", -- паведаміў Радыё Свабода сябра Цэнтравыбаркаму Ігар Андрэеў.
Сам дэпутат Навасяд на паседжаньні ЦВК адсутнічаў. Ён знаходзіцца ў Вене, на сэмінары пад эгідаю АБСЭ па выбарчым заканадаўстве. Прадстаўнік спадара Навасяда на паседжаньні, Аляксандар Мельнікаў, сказаў, што, на ягоную думку, Цэнтравыбаркам паставіўся да дэпутацкага запыту фармальна, і патлумачыў гэта наступным чынам:
"Хаця мы папросту прасілі патлумачыць, што азначае слова "назіраць", Цэнтральная выбарчая камісія вырашыла, быццам гэта ёсьць прапановай надаць назіральнікам дадатковыя правы. Нават просьбу вызначыць крытэры – што разглядаецца як умяшальніцтва назіральніка ў працу адпаведных дзяржаўных органаў, занятых падрыхтоўкай і правядзеньнем выбараў, – пакінулі на рашэньне старшыні камісіі. Гэта ён вызначае, дзе мусіць сядзець назіральнік, адкуль назіраць. А назіральнік такога права пазбаўлены. Карацей, усё застаецца, як і раней".
Вядомы ў Беларусі знаўца выбарчага заканадаўства Сяргей Альфэр гаворыць, што на многія прапановы дэпутата Навасяда можна было б даць тлумачэньні Цэнтральнай выбарчай камісіі:
"Яны маглі б гэта зрабіць абсалютна спакойна. Растлумачыць, напрыклад, якім чынам вылучаць прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі: што, адпаведна з законам, перадусім вылучаюцца прадстаўнікі палітычных партыяў, потым – грамадзкіх арганізацый. Усе праблемы былі б вырашаны. Але ж навошта ім гэта рабіць? Калі яны ўвядуць прадстаўнікоў палітычных партыяў у выбарчыя камісіі, то можна быць пэўнымі: тыя не дазволяць фальсыфікаваць вынікі выбараў. Асноўная ж задача нашай Цэнтральнай выбарчай камісіі – заплюшчваць вочы на тыя фальсыфікацыі, што будуць чыніцца на месцах – ва ўчастковых і акруговых выбарчых камісіях". Минск, Белоруссия