Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларуская дыяспара падтрымала акцыю 21 ліпеня 15:47, 20/07/2004
Пікетам каля будынка Эўрапарламанту распачалася сэрыя скаардынаваных акцыяў беларускай дыяспары ў Эўропе. У дзень пачатку працы новага складу Эўрапарламанту, 20 ліпеня у Брусэлі беларуская грамада ў Бэльгіі правяла акцыю, якая была прымеркавана да заканчэньня дзесяцігадовага прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі. У акцыі прынялі ўдзел актывісты беларускай палітычнай эміграцыі, а таксама прадстаўнік Эўрапейскай кааліцыі "Свабодная Беларусь" у Бэльгіі Вольга Стужынская, паведамілі прэс-цэнтру Хартыі ў Беларуска-Эўрапейскім Звязе (БЭЗ). Пікетоўцы трымалі ў руках нацыянальныя сьцягі й плякаты: "Лукашэнка - апошні дыктатар у Эўропе!", “Свабоду Міхаілу Марынічу!” “Свабоду палітзьняволеным!”, "Эўропа не ігнаруй беларускія праблемы", "Хто адкажа за палітычныя зьнікненьні!", "Спыніць перасьлед незалежных СМІ".
Ня гледзечы на тое, што тэрыторыя вакол Эўрапарляманту адмыслова ахоўваецца, паліцыя талерантна паставілася да ўдзельнікаў мерапрыемства. Пікет доўжыўся каля гадзіны. Падтрымаць пікет выйшлі латышскія дэпутаты, і не зважаючы на дождж, яны ўдзельнічалі ў акцыі.
Прадстаўнікам Эўрапарляманту раздаваліся кнігі пра зьніклых у Беларусі вядомых палітыкаў, а таксама вытрымкі з рэкамендацыяў ПАРЭ датычныя ўціску на незалежныя СМІ ў Беларусі ды сітуацыі са зьніклымі палітыкамі, якія былі прынятыя на сэсіі ў Страсбуры 28 красавіка гэтага году.
Удзельнікі пікету выказалі сваю шчырую патрымку ды салідарнасьць з усімі грамадзянамі Беларусі, якія выйдуць заўтра на вуліцы Менска, каб падвесьці вынік дзесяцігадовага "кіраваньня" Лукашэнкі. “10 год Беларусь выкінута з агульнаэўрапейскага жыцьця. 10 год галечы, бяспраўя ды зьдзекаў з усяго беларускага. Годзе трываць!”, -- заявілі яны.
Працяг агульнаэўрапейскай акцыі будзе адбывацца ў іншых эўрапейскіх краінах. 20 ліпеня - у Польшчы, 21 ліпеня - у Чэхіі, Швэцыі, Францыі, Нямеччыне, Нідэрландах.