Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Neue Zuercher Zeitung»: Лукашэнка забараняе партыі й зачыняе ўнівэрсытэты 10:38, 10/08/2004
У кастрычніку ў Беларусі будзе абраны новы парлямэнт. Тым часам прэзыдэнт Лукашэнка імкнецца нэўтралізаваць апазыцыю ўсімі магчымымі й немагчымымі сродкамі, – піша швэйцарская “Neue Zuercher Zeitung”. Як падае “Neue Zuercher Zeitung”, найлепшыя стартавыя пазыцыі падчас восеньскіх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі будуць мець прапрэзыдэнцкія кандыдаты. Калі апазыцыя ўсё ж здолее дамагчыся посьпеху, гэта не паўстане для кіраўніка краіны асаблівай праблемай.
На працягу мінулых тыдняў Лукашэнка сыстэматычна перасьледуе ўсё, што нават па самых аддаленых прыкметах падобна да крытыкі рэжыму. Напрыклад, сытуацыя з выбарнымі камісіямі. У іхны склад ўключаны толькі 28 апанэнтаў рэжыму. Але трэба мець на ўвазе, што ў Беларусі налічваецца 110 акруговых выбарных камісій, а ў кожную зь іх уваходзіць да 10 чалавек. Апазыцыйная міжпартыйная кааліцыя “Пяцёрка плюс” вылучыла на выбары 274 кандыдаты. Аднак сваіх прадстаўнікоў яна ня мае ні ў выбарных камісіях Менску, дзе жывуць шмат крытыкаў рэжыму, ні ў камісіях буйных беларускіх гарадоў – Магілеве, Горадні.
Як падкрэсьлівае “Neue Zuercher Zeitung”, паведамляць пра перадвыбарную сытуацыю ў Беларусі – гэта толькі складаць сьпіс грахоў Лукашэнкі. Акурат праз год пасьля закрыцьця Беларускага гуманітарнага ліцэю рашэньнем уладаў закрыты Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Напрыканцы ліпеня Міністэрства адукацыі пазбавіла ліцэнзіі гэтую навучальную ўстанову, якая пераважна фінансуецца заходнімі арганізацыямі.
Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, апошнім часам нешматлікая акадэмічная эліта краіны практычна адвярнулася ад Лукашэнкі й у сваіх размовах усё часьцей цытуе “Сабачае сэрца” Булгакава.
Выданьне піша пра перасьлед незалежнай газэты “Народная Воля”, закрыцьцё прадстаўніцтва Расейскай тэлерадыёкампаніі ў Менску, ліквідацыю Партыі працы й неафіцыйны загад на забарону гучаньня ў дзяржаўным эфіры тых папулярных рок-гуртоў, якія ўзялі ўдзел у антыўрадавай акцыі 21 ліпеня. Як рэзюмуе ўплывовая швэйцарская газэта, “беларускі кіраўнік канфліктуе з усімі праявамі падзеньня ягонай папулярнасьці, і ў гэтай канфрантацыі яму, праўдападобна, не шкада, як кажуць, страляць з гармат па вераб’ёх”, паведамляе Радые Свабода.
Алесь Бяляцкі: «Будучыя выбары адбудуцца па ранейшых сцэнарах»
Праваабарончы Цэнтр "Вясна" абагуліў дадзеныя па ўключэньні прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных партыяў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Вынікі, мягка кажучы, несуцяшальныя. З 318 прапанаваных сяброў гэтых партыяў у склад камісіяў было ўключана ўсяго толькі 30 асобаў, што складае 9,4%. Ад агульнага ж складу сяброў усяіх 110 акруговых камісіяў (1430 асобаў),прадстаўнікі дэмакратычных партыяў складаюць 2,1%. У сувязі з такім падыходам уладаў да фармаваньня акруговых касмісіяў, старшыня праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі перакананы, што будучыя выбары адбудуцца па ранейшых сцэнарах правядзеньня прэзідэнцкіх выбараў 2001 года і выбараў у мясцовыя саветы 2003 года, калі адбываліся масавыя парушэньні выбарчага заканадаўства і фальсіфікацыі.
Ён нагадвае, што з 1999 году аніводныя вынікі выбараў ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Нягледзячы на канкрэтныя рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), датычныя фармаваньню выбарчых камісіяў, а таксама шматлікія прапановы з боку беларускіх палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, накіраваныя на паляпшэньне выбарчага працэсу, распрацаваныя і агучаныя за апошнія некалькі гадоў, беларускія ўлады выбралі тупіковы варыянт выбарчых фальсіфікацыяў і махлярства, псеўдазаконныя метады недапушчэньня сваіх палітычных апанентаў да выбарчага працэсу і рэзкага абмежаваньня іхніх грамадзянскіх правоў. Алесь Бяляцкі перакананы, што вынікі выбараў будуць сфальсіфікаваныя, і беларускае грамадзтва будзе падманутае ў чарговы раз. Минск, Белоруссия