Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Шантаж і ціск – асноўныя метады працы акруговых камісіяў 11:35, 10/08/2004
Пасьля стварэньня акруговых выбарчых камісіяў пачаўся наступны этап выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – рэгістрацыя ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», пачалося актыўнае адмаўленьне прэтэндэнтам у кандыдаты ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, і перш за ўсё гэта тычыцца вядомых у рэгіёнах грамадзкіх дзеячоў.
4 жніўня ў акруговую выбарчую камісію Барысаўскай гарадзкой выбарчай акругі №77 падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы кіраўнік грамадзкай ініцыятывы “За чысты Барысаў”, сябра Сойму Партыі БНФ Сяргей Салаш. На наступны ж дзень на сяброў ініцыятыўнай групы пачаў аказвацца моцны ціск. Некаторым з іх пачалі паступаць ананімныя тэлефанаваньні і патрабаваньні пацьвердзіць недабраахвотнасьць іх уваходжаньня ў ініцыятыўную групу Салаша.
8 жніўня прадстаўнікі акруговай выбарчай камісіі, якія не прадставіліся, прыйшлі дадому да сябра ініцыятыўнай групы Салаша Тамары Садчанка і пад ціскам прымусілі пісьмова адмовіцца ад яе сяброўства ў ініцыятыўнай групе. Пазней жанчына напісала ў акруговую камісію новую заяву, у якой указала на ціск з боку выбарчай камісіі і пацьвердзіла сваё дабраахвотнае жаданьне з’яўляцца сябрам ініцыятыўнай групы.
9 жніўня кіраўніцтва аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў, на якім працуе сябра ініцыятыўнай групы Салаша Галіна Башкова, прыехала да яе на лецішча і пад пагрозай непрацягненьня з ёй працоўнага кантракту запатрабавала напісаць заяву і выйсьці з ініцыятыўнай групы. Жанчына, баячыся згубіць працу, была вымушаная напісаць такую заяву. На падставе гэтай заявы ў той жа дзень у 15.00 акруговая выбарчая камісія прыняла рашэньне аб нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Салаша. Самому прэтэндэнту ў кандыдаты і назіральніку, вылучанаму грамадзянамі, адмовілі ў праве прысутнічаць на паседжаньні камісіі, дзе вырашалася гэтае пытаньне.
Падчас гэтага ж паседжаньня было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы іншага вядомага грамадзкага дзеяча з Барысаву, аднаму з актывістаў АГП Льву Марголіну. Падставы былі падобныя з нерэгістрацыяй ініцыятыўнай групы С. Салаша.
Такія метады яшчэ не выкарыстоўваліся: улады, ня грэбуючы ціскам і шантажом асобаў, якія знаходзяцца на працоўных кантрактах, пачалі выключэньне з выбарчага працэсу асноўных кандыдатаў ад дэмакратычнай апазіцыі. На падставе падобных прыкладаў ужо на дадзены момант можна сьцвярджаць аб недэмакратычнасьці выбараў у парламент Беларусі, лічыць праваабарончы цэнтр «Вясна”. Минск, Белоруссия