Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі 58 ініцыятыўных групаў 10:52, 17/08/2004, Валер Каліноўскі, «Радые Свабода»
Паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму Беларусі, на учора было разгледжана 508 з 635 заяваў на стварэньне ініцыятыўных групаў. Зь іх было адмоўлена 58 групам. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што галоўныя прычыны гэтых адмоваў — парушэньне прынцыпу добраахвотнасьці пры фармаваньні групаў, уключэньне ў іх склад непаўнагадовых і асобаў небеларускага грамадзянства. У выбарчых штабах апазыцыйных партыяў падаюць скаргі на адмову ў рэгістрацыі шэрагу ініцыятыўных групаў сваіх актывістаў. На разгляд скаргаў у ЦВК і судзе адводзіцца тры дні пасьля даты заканчэньня рэгістрацыі 17 жніўня. Акрамя таго апазыцыянэры кажуць пра ціск на сяброў ініцыятыўных групаў з боку мясцовых уладаў.
Сення Цэнтарвыбаркам будзе разглядаць скаргі на гэтыя рашэньні акруговых камісіяў. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўжо падрыхтавалі свае скаргі ў ЦВК і не выключаюць звароту ў суд. На гэты момант адмоўлена сямі ініцыятыўным групам сябраў АГП. Прадстаўнік АГП Міхаіл Пліска кажа, што будуць абскарджаныя ўсе выпадкі, калі сябраў групаў прымушалі напісаць заявы аб выхадзе з кампаніі, і дзе колькасьць сябраў засталася болей за дзесяць.
-- Але ёсьць і выпадак, калі ў адной акрузе ў нашага кандыдата націснулі так, што ўсе сябры ініцыятыўнай групы адмовіліся ад удзелу. Гэта беспрэцэдэнтны ў Беларусі выпадак. Але паколькі кандыдат не хацеў бы гэтага разгалошваць, то мы вымушаныя не даваць поўнай інфармацыі.
БНФ будзе адстойваць у Цэнтарвыбаркаме рэгістрацыю 2 ініцыятыўных групаў сваіх сябраў. Усяго выбарчымі камісіямі было адмоўлена чатыром групам ад БНФ.
БСДГ на гэты час страціла дзьве ініцыятыўныя групы, — паведаміў кіраўнік яе перадвыбарчага штабу Мечыслаў Грыб.
Відаць, найбольш страцілі на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў у БСДП “Народная грамада”, паводле пардстаўніка партыі Віталя Малашкі, незарэгістраваныя каля 20% пададзеных заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў актывістаў “Народнай грамады”, у тым ліку кіраўнікоў віцебскай і магілёўскай арганізацыяў.
Зусім без стратаў пераадолелі першы бар’ер выбарчай кампаніі ў ПКБ. Усе 24 ініцыятыўныя групы датэрмінова зарэгістраваныя, пра новыя выпадкі ціску на сябраў групаў ПКБ інфармацыі няма, — паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штабу партыі Валеры Ўхналёў.
Найбольш адмоваў у рэгістрацыі групаў адбылося ў Магілёўскай вобласьці – 16-ці групам было адмоўлена ў рэгістрацыі. Далей ідзе Віцебшчына – 11 адмоваў, Гарадзеншчына – 9 адмоваў, у Менску – 8-мі групам было адмоўлена ў рэгістрацыі, у Менскай вобласьці – 6 адмоваў, у Берасьцейскай вобласьці – 5, і менш за ўсё адмоваў у рэгістрацыі – на Гомельшчыне – там адмовілі ў рэгістрацыі тром групам. Белоруссия