Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новы лядовы палац у Менску будзе каштаваць 80 мільёнаў эўра 10:09, 20/08/2004
Будаўнічая гігантаманія, уласьцівая Беларусі апошняга дзесяцігодзьдзя, у найбліжэйшы час папоўніцца яшчэ адным праектам. У дзень, калі ўвесь сьвет сачыў за адкрыцьцём Алімпіяды, адбылася сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі фінскай будаўнічай фірмы “Сканска”. Мяркуецца, што “Сканска”, якая па ўсім сьвеце будуе складаныя й дарагія аб’екты, узьвядзе ў Менску грандыёзную спартовую арэну. Дзеля чаго й за якія грошы ў краіне, дзе шмат людзей ня маюць жытла, і дзе нізкі жыцьцёвы ўзровень увогуле, будзе будавацца супэрпалац? Такое пытанне задае Радыё Свабода.
Паводле афіцыйных паведамленьняў, гэта будзе шматфункцыянальная арэна на 13 тысячаў гледачоў, у якой можна будзе ладзіць буйныя спартовыя спаборніцтвы кшталту чэмпіянату сьвету ў хакеі. Так што ад невялікіх лядовых палацаў дзяржава пераходзіць да будаўніцтва сапраўднай арэны.
Але і спартовыя журналісты, і спэцыялісты ў архітэктуры, і эканамісты ў якасьці сапраўднай прычыны новай ідэі Лукашэнкі называюць іншую: жаданьне ўвекавечыць сябе ў велічных архітэктурных помніках. Трэба ўзгадаць, што лідэры ўсіх аўтарытарных рэжымаў пакінулі пасьля сябе ня толькі дрэнную памяць, але і манумэнтальныя збудаваньні. У шэрагу краінаў былога сацлягеру можна знайсьці палацы, маўзалеі ці проста велічныя будынкі ЦК, якія прэтэндавалі на месца ў Кнізе рэкордаў Гінэсу, а сталі помнікамі таталітарызму.
Ці можна казаць, што такі абагульнены помнік узводзіць сабе зараз і Аляксандар Лукашэнка? Вось што кажа вядомы беларускі архітэктар Лявонцій Зданевіч:
-- Безумоўна, можна. У гэтым шэрагу можна назваць тую ж самую тэлевежу, якую праектуюць і будуць будаваць. Асабліва – бібліятэку, якая ў функцыянальным сэнсе не вытрымлівае ніякай крытыкі. Сэнсу лягічнага, калі кнігасховішча падымаецца ўверх, няма ніякага. Тое ж і з тэлевізійнай вежай: у тэхналягічным сэнсе гэта ня сёньняшні ўзровень. Зь іншага боку, усім вядома, у якім стане знаходзяцца двары на пэрыфэрыі Менску, дзе лямпачка ні адна не гарыць. І што робіцца ў цэнтры. Праблема відавочная.
У сярэдзіне 90-х паводле загаду Лукашэнкі дабудавалі Палац рэспублікі й чыгуначны вакзал, затым – крыты футбольны манэж. Нарэшце надышоў час і гіганцкай будоўлі ўжо цалкам паводле ягонай ідэі – Нацыянальнай бібліятэкі. Наўздагон Савет міністраў зацьвердзіў праект будаўніцтва 420-мэтровай тэлевежы – трэцяй паводле вышыні ў сьвеце. Да 2007 году ў Беларусі зьявіцца хакейная арэна. Невядома, ці адбудзецца там усясьветны хакейны чэмпіянат, а вось, калі да таго часу Лукашэнка дабудзе прэзыдэнтам, то з вэтэранамі любой хакейнай дзяржавы згуляе.
Лукашэнка не стамляецца паўтараць, што Беларусь патрабуе жыльлёвага будаўніцтва, і ўвесь час разам са сваімі чыноўнікамі нібыта шукае фінансавых рэзэрваў дзеля гэтага. А вось на гіганцкія праекты, якія сабе дазволіць ня могуць нават ня бедныя краіны, грошай хапае. У якую капейчыну гэта абыдзецца беларусам? Плянаваны кошт хакейнай арэны – 80 мільёнаў эўра, што болей за 100 мільёнаў даляраў.
Напэўна, калі б гаворка ішла толькі пра гэты праект, 80 мільёнаў маглі б і не ўразіць. Але калі да іх дадаць яшчэ 120 мільёнаў даляраў, у якія, як мяркуецца, абыдзецца будаўніцтва тэлевежы; 90 мільёнаў даляраў, ужо ўкладзеных у будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі (а ўвогуле плянуецца, што бібліятэка будзе каштаваць беларускаму народу каля 200 мільёнаў даляраў); плюс – будаўніцтвы розных спартовых аб’ектаў… Паўмільярду набягае элемэнтарна. Зь якіх фондаў аплочваюцца шматмільённыя рахункі – дзяржаўная таямніца. Белоруссия