Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Гародне працягваецца збор подпісаў за вылучэнне ў дэпутаты палітвязня 11:30, 25/08/2004
Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі 116-ы дзень сядзіць за кратамі. У чацьвер іх зь яго паплечнікам Аляксандрам Васільевым чакае суд за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Абодва абвінавачаныя тым часам зьбіраюцца ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Як паведамляе “Радыё Свабода”, цяпер ідзе збор подпісаў за вылучэньне іх кандыдатамі. Ініцыятыўнай групе Валерыя Леванеўскага рабіць гэта цяжэй, паколькі яго не выпускаюць на волю, хаця аб гэтым хадайнічаў ягоны адвакат.
Ініцыятыўнай групай Валерыя Леванеўскага кіруе ягоны 18-гадовы сын Уладзімер. Для яго гэта першы досьвед у зборы подпісаў. Перашкодзіла таксама тое, што ініцыятыўную групу зарэгістравалі са спазьненьнем, часу на подпісы засталося менш. Выратоўвае тое, што спадар Леванеўскі хоча балятавацца там, дзе жыве — у Гарадзенскай Паўночнай выбарчай акрузе N53.
Уладзімер Леванеўскі расказвае пра свой досьвед збору подпісаў за бацьку:
-- Мне трапляліся розныя людзі: тыя, якія яго ведаюць, і тыя, што ня ведаюць. Сярод тых, хто знае, натуральна, што ёсьць і прыхільнікі, і праціўнікі.
Уладзімер Леванеўскі, аднак, зазначае, што большасьць з тых, хто чуў пра бацьку, згаджаліся паставіць свой подпіс.
Ініцыятыўная група Аляксандра Васільева, які хоча вылучацца ў 51-й Занёманскай акрузе, сутыкнулася зь іншай зьявай. Некаторыя з тых, хто адмаўляўся падпісвацца, тлумачылі наступнае. Гаворыць адзін са зборшчыкаў подпісаў Уладзімір Васільеў, цёзка па прозьвішчу:
-- Адзін працаўнік дзіцячага садку і тры настаўнікі адразу сказалі, што — мы ніякіх подпісаў ставіць больш ня будзем, паколькі ў нас зьбіралі на працы. І давалі нам падпісныя лісты, абавязвалі нас, каб мы сабралі сярод суседзяў і знаёмых па тры-чатыры лісты. І нам сказалі: больш ні за кога, апроч Камянецкага, подпісы ня ставіць.
Сяргей Камянецкі — цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Горадні. Дарэчы, гэтыя людзі не зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы, але яны, паводле Ўладзімера Васільева, мусілі зьбіраць подпісы, бо баяліся страціць працу. Белоруссия lllll