Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларуская эміграцыя і барацьба супраць дыктатуры на Бацькаўшчыне 10:32, 03/09/2004
У суботу, 4 верасьня, у бэльгійскім горадзе Антвэрпан адчыняецца Зьезд беларускай палітычнай эміграцыі апошніх гадоў. Гэтая падзея адыгрывае важную ролю ў жыцьці беларусаў Эўропы, таму што зьяўляецца этапным момантам і паваротнай кропкай да згуртаваньня ўсёй нашай эміграцыі на карысьць нацыянальных інтарэсаў. Зьезд ёсьць паказчыкам нялёгкага шляху насустрач, які ўжо прайшла беларуская дыяспара.
Падрыхтоўка да Зьезду, якая пачалася вясной 2004 года, актывізавала беларускую грамаду ў замежжы. За гэты час былі ўтвораныя новыя арганізацыі беларускіх палітычных уцекачоў у Францыі і Швэцыі, адбыліся дзьве скаардынаваныя агульнаэўрапейскія акцыі 7 і 21 ліпеня.
Такім чынам, беларуская эміграцыя ажывілася, пачаўся дыялог паміж арганізацыямі, пачынаецца супольная праца на карысьць Беларусі.
4 верасьня на Зьезд у Антвэрпан зьбяруцца лідары ды актывісты з розных эўрапейскіх краінаў. Арганізацыі беларускіх палітычных уцекачоў з Польшчы, Нямеччыны, Нідэрландаў, Чэхіі ды Бэльгіі, якія ўваходзяць у Аргкамітэт, складуць асноўную групу дэлегатаў. Акрамя таго, будуць прадстаўнікі ад беларускіх грамадаў Аўстрыі, Фінляндыі, Вялікабрытаніі, Нарвэгіі ды Швэцыі. У якасьці гасьцёў будуць прысутнічаць дэпутаты Эўрапарляманту з Літвы, Польшчы ды Латвіі, дыпламаты, прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў, а таксама журналісты з эўрапейскіх і беларускіх СМІ.
Як вядома, мерапрыемства будзе насіць падкрэсьлена палітычны характар. Зьезд ставіць за мэту згуртаваньне беларускай дыяспары і актыўны ўдзел у працэсах зьмены палітычныга рэжыму ў Беларусі. Таму ня дзіўна, што вялікая група гасьцёў з Бацькаўшчыны будзе прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве. Гэта будуць прадстаўнікі розных беларускіх дэмакратычных кааліцыяў, прадстаўнікі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў ды аўтарытэтныя палітыкі, якія вядуць сёньня змаганьне з дыктатурай Лукашэнкі ў Беларусі.
Беларуская дыяспара зьбіраецца прыкласьці вялікія намаганьні дзеля канкрэтнай дапамогі палітычным арганізацыям і СМІ ў Беларусі. На парадак дня Зьезду беларускай эміграцыі будзе вынесена пытаньне стварэньня гуманітарнага антыдыктатарскага фонду. Акрамя таго, беларуская эміграцыя мусіць у шмат разоў пашырыць дзейнасьць па лабіраваньню беларускага пытаньня з мэтай павелічэньня ціску з боку міжнароднай супольнасьці на таталітарны рэжым Лукашэнкі.
І хоць у нас няма ілюзіяў наконт таго, што можна з-за мяжы зьмяніць антынародную ўладу ў Беларусі, палітычныя ўцекачы ў стане, згуртаваўшыся ў адзіную ды дзейсную структуру, дапамагчы дэмакратычным сілам перамяніць сітуацыю ў краіне. Минск, Белоруссия