Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дэкларацыя аб адзінстве дэмакратычных сіл Беларусі 16:54, 08/09/2004
Суайчыннікі, грамадзяне Беларусі! 7 верасня 2004 года Аляксандр Лукашэнка абвясціў рэферэндум аб працягу сваіх паўнамоцтваў. Гэтая заява была зробленая ў дзень жалобы, калі яшчэ не высахла кроў на руінах школы ў Беслане, калі па ўсяму свету адбываліся жалобныя мітынгі ў памяць бязвінна загінуўшых ахвяраў тэрора. Цынічна выкарыстоўваецца момант, калі ўвага беларускага народа і міжнароднай супольнасці адцягнута ад незаконнасці прапануемай мэты рэферэндума і яе неадпаведнасці дэмакратычным міжнародным нормам.
Мэта Лукашэнкі -- дамагчыся права бясконца абірацца на пасаду прэзідэнта. Для народа Беларусі гэта азначае існаванне пад пажыццёвай уладай аднаго чалавека, які засведчыў сваю няздольнасць кіраваць краінай, і выкарыстоўвае падман, адміністрацыйны ўціск і фальсіфікацыі дзеля захавання асабістай улады.
Далейшае знаходжанне Лукашэнкі пры ўладзе пагражае яшчэ большым пагаршэннем жыццёвага ўзроўню і поўнай міжнароднай ізаляцыяй нашай краіны.
Мы, прадстаўнікі усіх дэмакратычных сіл Беларусі, абвяшчаем аб сваім адзінстве і рашучасці разам супрацьстаяць пагрозе ўсталявання ў Беларусі пажыццёвай і неабмежаванай улады аднаго чалавека.
Мы верым, што грамадзяне Беларусі заслугоўваюць таго, каб жыць, як іншыя народы Еўропы, у свабоднай і багатай дзяржаве, якую паважаюць у свеце. Ніхто не можа адабраць у нас права выбіраць і мяняць кіраўніцтва нашай краіны. Каб захаваць гэта права, усе павінны быць роўнымі перад законам і нікому нельга дазволіць мяняць Канстытуцыю і законы паводле сваіх капрызаў.
Абсалютная большасць грамадзян Беларусі выступае супраць працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі. І мы аб’ядналіся для таго, каб гэтая большасць перамагла!