|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Адкуль бярэ лічбы фірма пад назвай «Экоом»? 10:58, 23/09/2004 “Экоом” узьнік перад пачаткам цяперашніх маштабных палітычных кампаній у Беларусі – раней пра іх ніхто ня чуў. Зь вясны лічбы гэтага цэнтра агучваў дзяржаўны тэлеканал СТВ, аднак ні ў сацыялягічных інстытутах, ні ў даведках пра такую ўстанову нічога не чулі. Выявілася, што “Экоом” – гэта брэнд, гандлёвая марка фірмы “Мэдыяфакт-ЭКА”, якой кіруе Сяргей Мусіенка. Паводле Мусіенкі, кожную сацыялягічную тэму цэнтра вядзе як мінімум доктар навук. Дасьледаваньне, зьвязанае з рэйтынгам Лукашэнкі вёў намесьнік старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, прафэсар Аляксандар Данілаў. Дарэчы, спадар Данілаў працаваў у дзяржаўнай сацыялягічнай установе пры Вячаславе Кебічу, калі той быў прэм’ер-міністрам, а потым перайшоў на працу ў адміністрацыю прэзыдэнта Лукашэнкі. Аднак сам прафэсар Данілаў чамусьці адмаўляецца ад свайго кіраўніцтва згаданым дасьледаваньнем. “Непасрэдна я не кіраваў гэтай работай. Мы зь Сяргеем Рыгоравічам сустракаліся, размаўлялі наконт праблем, якія ён зьбіраўся дасьледаваць. Вось у чым заключалася нашае з ім узаемадзеяньне”, -- паведаміў Данілаў “Радыё Свабода”. А хто аплачваў дасьледаваньні “Экоом”? Паводле намесьніка Мусіенкі Ўладзімера Далініна камандзіровачныя аплачвала фірма, хаця некаторыя іншыя дасьледаваньні праводзяцца за сродкі абласных выканкамаў. Сярод кліентаў цэнтру таксама дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА і тэлеканал СТВ. Сяргей Мусіенка распавёў, што “Экоом” далей праводзіць апытаньне, згодна зь якім пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму рэйтынг у Лукашэнкі па некаторых пазыцыях яшчэ больш падняўся. Як ставяцца да высноваў “Экоома” іншыя сацыялягічныя службы? The Gallup organization/Baltic surveys, якая базуецца ў Літве, з дапамогай беларускіх сацыёлягаў правяла 25 дасьледаваньняў з верасьня 2002 году да канца жніўня 2004. Адно з асноўных пытаньняў – адносіны грамадзян Беларусі да зьмены Канстытуцыі, наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Дырэктар The Gallup organization/Baltic surveys Раса Алішаўскене патлумачыла: -- Цягам двух гадоў сытуацыя стабільная і адносіны людзей да зьмены Канстытуцыі такія – больш за 50% ня згодныя альбо не падтрымліваюць зьмену Канстытуцыі ў пытаньні трэцяга тэрміну. А падтрымліваюць недзе каля 22%. Толькі ў адным дасьледаваньні, у чэрвені 2004 года, падтрымліваючых было больш за 30%, гэта адзіны выпадак за два гады. Усе іншыя апытаньні паказвалі, што праціўнікаў у два разы больш. Гэта асноўнае. Нават сярод пэнсіянэраў, якія зьяўляюцца больш кансэрватыўнымі, больш падтрымліваюць прэзыдэнта, нават сярод іх падтрымка зьмены канстытуцыі слабая. Тых, хто цьвёрда вырашыў аб падтрымцы канстытуцыі сярод пэнсіянэраў было толькі 27%. А тых, хто можа падтрымаў бы – толькі 31%. Гэтая падтрымка зьмены канстытуцыі вельмі слабая – гэта асноўны вывад. -- Але ўскосна гэтыя лічбы паказваюць рэйтынг прэзыдэнта Лукашэнкі… -- У прынцыпе так, гэта зьвязана, бо гаворка ідзе пра аднаго чалавека. Нават тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку як палітыка, ў гэтым пытаньні не падтрымлівае. Таму 66%, якія дае “Экоом” выглядаюць занадта высока, бо ў пытаньні зьмены канстытуцыі – 2 супраць 1. Праціўнікаў зьмены канстытуцыі ў 2 разы больш чым тых, хто падтрымлівае. Прычым, гэта вынікі не аднаго замярэньня, гэта сытуацыя не мяняецца цягам двух гадоў. Паводле зьвестак “Радыё Свабода”, дасьледаваньні “Экоому” праводзяцца з дапамогай намесьнікаў па ідэалёгіі на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах. Минск, Белоруссия
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|