Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лідэр "Маладога фронту", кандыдат у дэпутаты ад Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акругі № 17 Павел Севярынец пазбавіўся свайго статусу з-за выступу на мясцовым радыё. Старшыня выбарчай камісіі Святлана Мянжынская паведаміла, што ў звароце Севярынца ўтрымліваўся паклёп на кіраўніка дзяржавы і іншых службовых асоб.
Чыноўнікаў закранулі наступныя словы палітыка: "Альбо мы хочам і далей пагружацца ў эканамічны, палітычны і грамадскі застой і жыць у краіне, дзе ўсё вырашае толькі адзін чалавек, альбо мы выбіраем еўрапейскую, дэмакратычную будучыню для сябе і сваіх дзяцей". "Пры тым, што канкрэтнае прозвішча не прагучала, мяне папракнулі, што словамі "вырашае адзін чалавек" я абразіў кіраўніка дзяржавы. Па-другое, зазначылі, што ў нашай краіне — сацыяльная, эканамічная і палітычная стабільнасць па ўсіх параметрах, таму тое, што я сказаў, — не адпавядае рэчаіснасці", — тлумачыць Севярынец “Народнай волі”.
А агульны паклёп на службовых асоб усіх узроўняў, па меркаванні акруговай выбарчай камісіі, змяшчаўся ў наступных выказваннях Паўла: "Карупцыя, бюракратыя, хлусня на ўсіх узроўнях". У выніку Севярынцу анулявалі рэгістрацыю.
Зараз малады палітык рыхтуе скаргу ў Цэнтрвыбаркам. "Я працягваю перадвыбарную кампанію ,— распавёў "Народнай волі" Павел Севярынец. — Па законе пакуль што маю на гэта права. Наша каманда першая ў вобласці надрукавала агітацыйныя ўлёткі, іх было распаўсюджана больш за 25 тысяч. Мы абышлі не менш за 7 тысяч кватэр, паразмаўлялі з выбаршчыкамі. Мы не робім нічога супрацьпраўнага, а шчыра жадаем бачыць Беларусь сапраўды дэмакратычнай, еўрапейскай і заможнай краінай", — падсуміраваў Севярынец. Минск, Белоруссия