Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нямецкі Бундэстаг ухваліў праект рэзалюцыі па Беларусі 13:47, 01/10/2004
Увечары 30 верасьня ў Бэрліне ў часе работы чарговага пленуму Бундэстагу нямецкія дэпутаты прынялі праект рэзалюцыі, падрыхтаваны прадстаўнікамі кіроўнай сацыял-дэмакратычнай фракцыі. У рэзалюцыі ўтрымліваецца шэраг патрабаваньняў нямецкіх палітыкаў да свайго фэдэральнага ўраду, якія тычацца падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Размова ідзе пра забесьпячэньне ў краіне ўмоваў для правядзеньня празрыстых і свабодных парлямэнцкіх выбараў, пра спыненьне ціску на апазыцыю, грамадзкія арганізацыі й незалежныя мэдыі, паведаміла “Радыё Свабода”.
Як лічаць нямецкія назіральнікі, у адрозьненьне ад іншага праекта рэзалюцыі па Беларусі, прадстаўленага апазыцыйнай фракцыяй ХДС/ХСС, дакумэнт “чырвона-зялёных” ня ўтрымлівае нейкіх канкрэтных прапановаў і мэханізмаў у дасягненьні падобных мэтаў. У праекце нямецкай апазыцыі утрымліваюцца канкрэтныя прапановы. Размова ідзе, напрыклад, пра стварэньне замежных радыёперадачаў, накіраваных на Беларусь, пра беларуска-эўрапейскае супрацоўніцтва на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці, пра візавыя санкцыі ў дачыненьні да высокіх беларускіх кіраўнікоў, пра замарожваньне іхных прыватных рахункаў у замежных банках і гэтак далей. Аднак, тым ня менш, быў прыняты больш мяккі і агульны сацыял-дэмакратычны варыянт.
Чаму так адбылося, тлумачыць сацыял-дэмакратка Ута Цапф:
“Тое, што прапануюць хрысьціянскія дэмакраты, – гэта сапраўды новыя крокі ў цяперашняй нямецка-беларускай палітыцы. Аднак гэтыя крокі трэба рабіць, улічваючы канкрэтныя вынікі будучых парлямэнцкіх выбараў. Зараз мы з заклапочанасьцю назіраем за тым, як парушаюцца правы апазыцыйных кандыдатаў, аднак, тым ня менш, менавіта зараз, напярэдадні выбараў, мы мусім прасыгналізаваць афіцыйнаму Менску, чаго мы чакаем ад яго. Пасьля 17-га кастрычніка, на чарговым паседжаньні Бундэстагу з улікам актуальнай беларускай сытуацыі парлямэнцкія фракцыі выпрацуюць агульную лінію ў дачыненьні да Менску”, -- сказала Ута Цапф. Минск, Белоруссия