Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міністар замежных справаў ужо два месяцы не прымае даверчыя лісты ад амбасадаркі Латвіі 11:00, 01/10/2004
Ад пачатку жніўня новая амбасадарка Латвіі ў Беларусі Майра Мора чакае ў Менску, пакуль беларускі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў прыме копіі яе даверчых лістоў. Без сустрэчы з кіраўніком МЗС і перадачы яму копіяў даверчых лістоў ніводзін замежны амбасадар ня можа афіцыйна пачаць працаваць у краіне.
Як нагадвае "Радыё Свабода", беларускія ўлады раней ужо зацягвалі працэдуру акрэдытацыі замежных амбасадараў – папярэдні кіраўнік амэрыканскай місіі Майкл Козак некалькі месяцаў чакаў, пакуль Аляксандар Лукашэнка прыме ягоныя даверчыя лісты. Аднак іх копіі спадар Козак уручыў міністру замежных справаў своечасова й змог пачаць працаваць афіцыйна.
Амбасадарка суседняй Латвіі Майра Мора гэтага права пакуль пазбаўленая, яна ня можа даваць і інтэрвію на гэтай пасадзе, хаця на інтэрнэт-сайце МЗС Латвіі паведамляецца, што менавіта яна ачольвае місію ў Менску.
Беларускае МЗС сёлета ў лютым, калі ў Рызе прайшла прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя па Беларусі з удзелам апазыцыянэраў і амэрыканскага сэнатара Джона Макэйна, заявіла, што думае пра захады ў адказ.
Афіцыйная Рыга лічыць сытуацыю тым больш дзіўнай, што менавіта Менск цягам апошніх гадоў прасіў прызначыць у Беларусь латвійскага амбасадара. Пасьля таго, як адсюль зьехаў першы амбасадар Латвіі Яніс Лоўнікс, місіяй у Менску па некалькі гадоў кіравалі толькі павераныя ў справах Латвіі ў Беларусі. Беларусь дала агрэман на Майру Мору, аднак працаваць ёй на пасадзе амбасадара не дазваляе. Минск, Белоруссия