|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
За кватэру плацім па-эўрапейску 11:07, 12/10/2004, Сяргей Трафілаў, «Наша ніва»
Галоўнай задачай ЖКГ Беларусі зьяўляецца "забеспячэньне фінансаваньня яе ўзнаўленьня". Таму сума ў жыроўках беларусаў працягвае ўзрастаць. Акрамя таго, дзяржава шукае шляхоў рэформаваньня галіны, спрабуючы перадаць правы на абслугоўваньне жылога фонду прыватнікам ці таварыствам уласьнікаў жыльля. На гэты год нават было заплянавана акцыянаваць 50% ЖЭСаў у Беларусі. Як бачым, вынікаў гэта не дало. Прычынаў урад бачыць дзьве: непадрыхтаванасьць беларусаў перайсьці да прыватнага кіраваньня жыльлём і страх перад рэзкім павышэньнем тарыфаў "прыватызаванымі" ЖЭСамі. Прыватызаваны ЖЭС На сёньня структурамі, што забясьпечваюць кіраваньне і абслугоўваньне сфэры ЖКГ на месцах, зьяўляюцца ЖЭСы і ЖРЭУ. У Канцэпцыі разьвіцьця ЖКГ адным зь першых кірункаў рэфармаваньня галіны значыцца дэманапалізацыя гэтага сэктару. Фактычна — штучнае стварэньне канкурэнтнага асяродзьдзя. Сярод першых мераў рэформы — падзел улады паміж ЖЭСамі і ЖРЭТ. За першымі застануцца тэхнічныя паслугі (праца сантэхнікаў, дворнікаў), а ЖРЭТ будуць весьці ўсе фінансавыя справы. Пазьней гэтую структуру плянуюць замяніць на разьлікова-касавыя цэнтры. Яшчэ адна форма ўласнасьці — таварыствы ўласьнікаў жыльля. Аднак пакуль прадукцыйнасьць іх працы мінімальная. Усяго іх крыху болей за 200 на краіну, дый яны ня выпрацавалі яшчэ сыстэмы функцыянаваньня. Напрыклад, у новазбудаваным шматпавярховіку ў менскім Красным Бары жыхары ўжо з паўгоду ня могуць прапісацца і наладзіць сістэму абслугоўваньня праз адсутнасьць домакіраўніка і бухгальтара ў ТУЖ. "Калі мы выбіраем людзей, то яны проста не вытрымліваюць сваіх абавязкаў, а часам і падманваюць. Жыхары ж зьбіраюць грошы ім на заробак, а таксама на найманьне сантэхніка ды дворніка. А грошы якраз у іх руках", — скардзіцца адна з жыхарак дому. Адсюль адна з галоўных праблем ТУЖ — адсутнасьць падрыхтаваных кадраў і традыцый для правядзеньня альтэрнатыўнага домаўладаньня. Прагноз-2005: за кватэру — 125 у.а. Паводле Канцэпцыі разьвіцьця ЖКГ, не пазьней за 2015 г. беларусы будуць аплачваць камунальныя паслугі поўнасьцю. Цяпер гэтая лічба складае прыкладна 60%, або 25% ад сярэдняга сукупнага даходу беларускай сям’і. Налета, паводле праекту бюджэту, за паслугі ЖКГ будзем плаціць 57%, астатняе — за дзяржавай. Паводле слоў прэзыдэнта, на 2005 г. меркавалася заплянаваць, што 70% за паслугі ЖКГ мусіць плаціць насельніцтва, аднак у выніку ягонага ўмяшаньня лічба аказалася роўнай 57% — на тры адсоткі меней, чым сёлета. Набліжаецца рэфэрэндум, таму лічба мае і папулісцкае адценьне. Як і 4-5 даляраў, на якія прэзыдэнт дазволіў падвышаць аплату ў жыльлёва-камунальнай галіне для насельніцтва. Лічачы штучнае тармажэньне разьвіцьця цэнавай палітыкі доўгі час малаімаверным, можна чакаць рэзкага скачка аплаты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. Інакш ня будзе зрэалізавана Канцэпцыя разьвіцьця ЖКГ. Хто даплачвае за нас Згодна зь сёлетнім бюджэтам, былі створаны мясцовыя мэтавыя жыльлёва-інвэстыцыйныя фонды. Іх даходамі сёлета пакрываецца да 15% платы за камунальныя паслугі. Да 65% сродкаў, атрыманых гэтымі структурамі, ідзе на фінансаваньне абслугоўваньня і рамонту жылога фонду. У жыльлёва-інвэстыцыйныя фонды адлічваюць 1,15% ад свайго прыбытку камэрцыйныя банкі, гандлёвыя і нарыхтоўчыя арганізацыі, прадпрыемствы харчаваньня і страхавыя кампаніі. Налета гэтыя арганізацыі будуць плаціць адзіны збор у памеры 2,75% ад прыбытку. Зь яго 55% пойдзе ў фонд падтрымкі сельскагаспадарчых вытворцаў, 27% — у дарожныя фонды і толькі 18% — на фармаваньне збору па фінансаваньні абслугоўваньня і рамонту жылога фонду. Аднак дзейнасьць гэтага фонду плянуецца згарнуць пасьля 2006 г. 25% (20% налета) ад кошту камунальных паслуг насельніцтву ў абласьцях і 10% у Менску пакрываецца зь мясцовых бюджэтаў. Аднак такая сытуацыя часовая. Урад прадугледжвае стопрацэнтную прыватызацыю ЖКГ, домаўладаньня, домаабслугоўваньня, гатэляў і лазьняў за пэрыяд з 2006 да 2015 г. з адначасовым ростам долі камунальных коштаў, якія пакрываюцца насельніцтвам. Калі праграма будзе выкананая, празь дзесяць гадоў ЖКГ цалкам пяройдзе на рынкавыя рэйкі, а прыбыткі ад яе абслугоўваньня будуць трапляць у кішэню прыватнікаў. Минск, Белоруссия
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|