|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Маніторынг СМІ: «Асвятленне парламенцкіх выбараў у беларускіх медыях» 17:01, 16/10/2004, Беларуская асацыяцыя журналистаў Кароткае падсумаванне вынікаў · У дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ, вызначаных ЦВК, кандыдаты ў дэпутаты фармальна мелі роўны час і месца для сваіх перадвыбарных выступаў. Аднак час на тэлевізійных каналах, у які выступалі кандыдаты, не дазваляў значнай колькасці выбарцаў краіны пазнаёміцца з іх перадвыбарчымі праграмамі. · Разам з тым, ува ўсіх дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ істотна павялічылася колькасць матэрыялаў, што адмоўна ці надзвычай адмоўна рэпрэзентавалі кандыдатаў ад апазіцыі. Фактычна гэтыя матэрыялы былі скіраваны на тое, каб стварыць у выбаршчыкаў злавесны вобраз прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі краіны. Да таго ж, адпаведныя тэлевізійныя праграмы ці сюжэты дэманстраваліся ў час, калі памер тэлевізійнай аўдыторыі максімальна ўзрастаў. · Як і ў папярэдні перыяд маніторынга, у сваіх навінных (інфармацыйных) праграмах электронныя дзяржаўныя медыі надавалі тэме выбараў зусім неістотную ўвагу. А ў дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ адсутнічалі дэбаты паміж кандыдатамі ў дэпутаты, з-за чаго выбаршчыкі не мелі магчымасці параўнаць іх перадвыбарчыя платформы. · У прайм-тайм на тэлевізійных каналах дамінавалі агітацыйныя ролікі на карысць удзелу ў рэферэндуме. Да таго ж, некаторыя з іх наўпрост ці ўскосна праграмавалі станоўчы адказ на пытанне, што выносіцца на рэферэндум. · Галоўным палітычным суб’ектам краіны заставаўся Прэзідэнт РБ, прадстаўлены пераважна станоўча альбо надзвычай станоўча ўва ўсіх дзяржаўных СМІ. · У тых жа СМІ ўзрасла колькасць скрайніх ацэнак суб’ектаў выбарчага працэсу. Больш падрабязна гэтыя вынікі раскрываюцца ў наступных раздзелах. 1. Асноўныя вынікі 1.1. Электронныя СМІ Мы працягвалі маніторынг электронных СМІ (навінных і іншых праграм) паводле прынцыпу рубрыкацыі. З сукупнай формы маніторынга (02 — 09.10.2004) праграмы “Наши новости” на канале OНТ відаць, што тэме рэферэндума прысвечана 6 хв. 20 сек. (3% ад агульнага часу), між тым як рубрыцы “Выбары” адводзілася 4 хв. 10 сек. (2% ад агульнага часу). Разам з тым Прэзідэнт заняў 56,50% часу праграмы параўнальна з усімі астатнімі палітычнымі суб’ектамі. Гэта на 5% больш, чым у папярэдні перыяд, калі быў абвешчаны реферэндум. А па часе адназначна пераважала яго станоўчая рэпрэзентацыя. У той жа праграме кандыдаты незарэгістраванага выбарчага блока 5+ толькі ўзгадваліся і мелі ўсяго 3 секунды. А кандыдаты ад другога апазіцыйнага блока “Свабодная Беларусь” увогуле не ўзгадваліся. Падобныя тэндэнцыі прасочваліся і на канале СТВ (навінная праграма “24 часа”). Першы нацыянальны канал БТ (навінная праграма “Панарама”, 06 – 11. 10), у сваю чаргу, прысвяціў больш часу і Прэзідэнту (61,44%), і “апазіцыі” (5,44%), репрезентуючы іх адпаведна станоўча і негатыўна. Больш часу ў названы перыяд было прысвечана і тэме выбараў (10%). Але выступы кандыдатаў у дэпутаты на гэтым канале і ў яго рэгіянальных праграмах пачыналіся ў 18.00 ці 18.15, калі значная колькасць выбаршчыкаў яшчэ не вярнулася з працы. Да агітацыйнай кампаніі па выбарах Першы нацыянальны канал БТ і СТВ прымеркавалі паказ фільма “Канспіралогія”, які, у адрознене ад выступаў кандыдатаў, дэманстраваўся ў прайм-тайм. Скрайне адмоўна гэты фільм рэпрэзентуе кандыдатаў у дэпутаты ад выбарчага блоку 5+ і неперсаналізаваны суб’ект “апазіцыя”. Гэтым двум суб’ектам, да прыкладу, у першых дзвюх частках адводзіцца 13 хв. 20 сек. 38 разоў яны характарызуюцца негатыўна альбо скрайне негатыўна і толькі 2 разы ўзгадваюцца нейтральна, але ніводнага разу - пазітыўна. У дзвюх наступных частках “апазіцыя” займае 65,5% усяго часу і 25 разоў характарызуецца негатыўна альбо скрайне негатыўна. Сутнасна “апазіцыя” рэпрэзентуецца як дэструктыўная сіла беларускага грамадзтва. Негатыўная тэндэнцыя стаўлення да апазіцыі і яе прадстаўнікоў (А.Лябедзькі, В.Вячоркі, В.Фралова) прасочваецца і ў інтэрв’ю з У.Латыпавым на ОНТ ад 10.10.2004 г. Названыя прадстаўнікі ацэньваюцца толькі негатыўна. На Першым канале Нацыянальнага радыё (праграма навінаў “Радыёфакт”, 17.09 — 08. 10. 2004), тэма выбараў заняла 4% ад агульнага часу праграмы, а “Спорт” і “Надвор’е” — адпаведна 7% і 10%. Хаця тэме “рэферэндум” было адведзена ўсяго 1% агульнага часу, галоўнай дзеючай асобай заставаўся Прэзідэнт (43,37% агульнага часу). Неперсаналізаваны суб’ект “апазіцыя” ўвогуле не згадваўся, а прадстаўнікі незарэгістраванай кааліцыі 5+ атрымалі толькі 0,08% ад агульнага часу. 1.2. Друкаваныя СМІ Найбольш тыражныя дзяржаўныя друкаваныя СМІ, якія не прадстаўлялі сваю плошчу для выступаў кандыдатаў, працягвалі ранейшую інфармацыйную палітыку мінімізацыі тэмы выбараў і маргіналізацыі ў грамадскай свядомасці прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі. У іх, як і ў астатніх дзяржаўных выданнях, не зафіксавана ніводнага выпадку дэбатаў кандыдатаў, што рэпрэзентуюць розныя палітычныя погляды. “Советская Белоруссия” (17.09 — 02.10.2004) па-ранейшаму выяўляла Прэзідэнта ў пераважна станоўчай і вельмі станоўчай манеры, адвёўшы яму 54,417% плошчы параўнальна з усімі астатнімі палітычнымі суб’ектамі маніторынга. Неперсаналізаваны суб’ект “апазіцыя” атрымаў 1,763% плошчы, а апазіцыйныя кандытаты ад 5+ - 0,32% плошчы. Манера іх падачы была пераважна адмоўнай ці дужа адмоўнай. Недзяржаўная “Народная воля” (параўнальна з “Советской Белоруссией”) адвяла значна больш плошчы неперсаналізаванаму суб’екту “апазіцыя” і апазіцыйным кандыдатам ад 5+ і кааліцыі “Свабодная Беларусь”. Манера рэпрэзентацыі гэтых суб’ектаў была, аднак, пераважна нейтральнай. Напрыклад, у розных матэрыялах, апублікаваных у гэтай газеце, (перыяд з 2 па 9 кастрычніка) неперсаналізаваны суб’ект “апазіцыя” 29 разоў рэпрэзентаваўся нейтральна. 4 разы негатыўна і ніводнага разу - станоўча. Пераважна нейтральнай была і рэпрэзентацыя кандыдатаў ад незарэгістраваных апазіцыйных выбарчых блокаў. Разам з тым, хаця Прэзідэнт і ўрад ацэньваліся ў шэрагу выпадкаў негатыўна, пераважала ўсё ж нейтральная манера іх рэпрэзентацыі. Недзяржаўныя выданні, хаця і імкнуліся да больш шырокага асвятлення тэмы выбараў і ўдзельнікаў выбарчага працэсу, не з’яўляліся, аднак, рэальнымі канкурэнтамі дзяржаўным друкаваным і, тым больш, электронным СМІ. З прычыны параўнальна невялікай тыражнасці і малой колькасці яны аніякім чынам не маглі супрацьстаяць аднабаковай і перадузятай інфармацыі адносна рэферэндума і апазіцыйных ўдзельнікаў агітацыйнай кампаніі, распаўсюджанай дзяржаўнымі электроннымі і друкаванымі медыямі. 4. Эфекты медыя Першы нацыянальны канал БТ, праграма “Панарама” 22.09.04. Сюжэт: «Беларусь вітае замежных назіральнікаў”. Журналістка паведамляе: “Відавочна: для правядзення дэмакратычных, шчырых і адкрытых выбараў Беларуссю зроблены абсалютны максімум таго, што прадугледжана міжнароднымі нормамі”. Першы нацыянальны канал БТ, праграма “В центре внимания” 26.09.04. Звяртаючыся да тэмы бамбавання Косава сіламі НАТО, вядучы сцвярджае: “Белорусская оппозиция до сих пор об этом вспоминает с каким-то нездоровым теплом в голосе, и даже лозунг был: «Белград – весной, Минск – осенью». Першы нацыянальны канал БТ, СТВ 26.09.04. Фільм “Канспіралогія”. «Богданович... надула карельских СПС-ников: по окончании избирательной кампании она спешно покинула Петрозаводск, не рассчитавшись со сборщиками подписей... Прокурор РФ и Республики Карелия проводят разбирательство... а г-жа Богданович готовится к парламентским выборам в Беларуси... Не связывайтесь с ОГП – вас всё равно надуют!» СТВ 3. 10.04 Фільм “Канспіралогія”. «Циничные деятели типа Погоняйло, Лебедько... втянули в этот трагифарс близких родственников пропавших». У кадры нехта ў чорных акулярах аглядае людзей, якія стаяць з плакатамі і трымаюць фатаграфіі зніклых беларускіх палітыкаў. 5. Высновы Нягледзячы на тое, што ўсе кандыдаты фармальна мелі ў вызначаных ЦВК медыях аднолькавы час і месца, галоўныя дзяржаўныя тэлеканалы і друкаваныя СМІ, ствараючы адмоўны альбо надзвычай адмоўны вобраз кандыдатаў ад апазіцыі, парушылі тым самым прынцып роўных магчымасцяў вядзення перадвыбарчай агітацыі. Такой рэпрэзентацыяй апазіцыйных кандыдатаў яны таксама стваралі больш спрыяльныя ўмовы для вядзення перадвыбарчай агітацыі на карысць праўладных кандыдатаў. Негатыўная і скрайне негатыўная інфармацыя пра кандыдытаў ад апазіцыі з’яўлялася ў прайм-тайм і на тых тэлеканалах, якія маюць найбольшую аўдыторыю, а таксама ў найбольш тыражных дзяржаўных газетах, што таксама парушае прынцып роўных магчымасцяў вядзення перадвыбарчай барацьбы. Да таго ж, праз асноўныя каналы інфармацыі выбаршчыкі не мелі магчымасці атрымаць інфармацыю пра тых канкрэтных кандыдатаў у дэпутаты, што балатуюцца ў іх акругах. Цягам гэтага перыяду выбаршчыкі не атрымлівалі дастатковай інфармацыі альбо атрымлівалі толькі аднабаковую і скажоную інфармацыю датычна непасрэдных удзельнікаў выбарчай (агітацыйнай) кампаніі. Гэтыя высновы падцвярджаюцца і тымі тэндэнцыямі, што былі выяўлены падчас папярэдніх этапаў маніторынга. Минск, Белоруссия
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|