Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Год Эўрапейскай кааліцыі «Свабодная Беларусь» 13:22, 01/11/2004
1 лістапада 2003 году ў Беларусі была створаная Эўрапейская кааліцыя. У кааліцыю, якая ўзяла сабе назоў “Свабодная Беларусь”, увайшлі 22 арганізацыі. Сярод іх – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Міколы Статкевіча й жаночая партыя “Надзея” Валянціны Матусевіч, а таксама блёк “Свабодная Беларусь”, грамадзянская ініцыятыва Хартыя’97, грамадзкія арганізацыі – “Беларуская жаночая ліга”, “Адраджэньне Айчыны”, “Прыватная ўласнасьць”, грамадзянскія ініцыятывы “Мы памятаем!”, “Беларуская салідарнасьць” ды іншыя.
На ўстаноўчым сходзе Эўрапейскай кааліцыі яе стваральнікі казалі, што галоўная мэта кааліцыі – вельмі шляхетная й высакародная: даць эўрапейскую будучыню народу Беларусі. Зразумела, што гэта калясальная задача, і перамога будзе тады, калі людзі падтрымаюць ідэю адзінай Эўропы. Наколькі кіраўніцтва кааліцыя задаволенае сваёй працай? Вось як адказаў на пытаньне «Радыё Свабода» каардынатар Эўрапейская кааліцыі “Свабодная Беларусь” Андрэй Саньнікаў:
“Калі браць пад увагу тыя мэты й задачы, якія мы ставілі, то даволі шмат было зроблена. Перадусім, былі распаўсюджаныя дзесяткі тысячаў інфармацыйных матэрыялаў не толькі пра Эўрапейскую кааліцыю, але й пра Эўразьвяз з сымболікай нашай кааліцыі. Падчас парлямэнцкіх выбараў усе суб`екты кааліцыі ў сваіх улётках казалі пра Эўразьвяз, пра неабходнасьць інтэграцыі з Эўропай як адзіны шлях Беларусі да вяртаньня ў Эўропу”.
Падчас выбарчай кампаніі Эўрапейская кааліцыя змагла давесьці да значнай аўдыторыі эўрапейскія каштоўнасьці. Вось што гаворыць пра гэта спадар Саньнікаў:
“Калі казаць пра выбары, то ад Эўрапейскай кааліцыі было дзесьці 64 кандыдаты. Але ж я лічу, што з Эўрапейскай кааліцыяй улады найбольш жорстка абыходзіліся. Напрыклад, два сябры, Валеры Леванеўскі й Аляксандар Васільеў, атрымалі па два гады турмы. Яшчэ два чалавекі – Валеры Шчукін і Зьміцер Бародка – іх здымалі з выбарчай гонкі, а Шчукіна перад выбарамі таксама кінулі за краты. Але ж мы не разьлічвалі, што выбары ў Беларусі пройдуць як сапраўдныя выбары. Таму мы выкарыстоўвалі выбарчую кампанію як магчымасьць распаўсюджваць інфармацыю, каб прыцягнуць увагу людзей да эўрапейскага шляху. І я лічу, што мы гэта зрабілі”.
Шмат спадзяваньняў на станоўчыя зрухі беларусаў на карысьць эўрапейскага выбару было зьвязана з пашырэньнем агульнай эўрапейскай сям’і за кошт непасрэдных суседзяў Беларусі. Ці спраўдзіліся гэтыя спадзяваньні?
“Я лічу, што станоўчае стаўленьне да аб’яднанай Эўропы ў Беларусі зрабілася пасьля таго, як нашы непасрэдныя суседзі ўвайшлі ў Эўразьвяз і адразу пасьля гэтага. Але ж мы ведаем, што ніякай праўды пра жыцьцё ў Польшчы, Літве, Латвіі па беларускаму тэлебачаньню, у афіцыйных газэтах ня знойдзеш. Таму больш важкай становіцца й нашая інфармацыйная праца пра Эўразьвяз”, -- лічыць Андрэй Саньнікаў. Минск, Белоруссия