Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Украінская грамадзянская кампанія “Пора” распачала акцыю супраціву фальсыфікацыям вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі 31 кастрычніка. Абвешчаны пратэст праходзіць у форме мітынгаў, пікетаў, студэнцкіх страйкаў. Арганізацыя “Пора” мае цесныя сувязі з сэрбскім рухам “Отпор” і беларускім “Зубрам”.
Па колькасьці яркіх налепак з заклікамі да выбарцаў Кіеў цяпер нагадвае перадвыбарчы Менск 2001 году. Іх аўтарамі і распаўсюднікамі зъяўляецца новая, але актыўная арганізацыя “Пора”, яна стала адным з важных удзельнікаў кампаніі па выбарах прэзыдэнта Ўкраіны. Учора ў цэнтры Кіева прайшоў адзін зь першых масавых мітынгаў.
Актывіст “Поры” Андрэй Юсаў паведаміў, што арганізацыя ўзьнікла паўгода таму, яе сябрамі зъяўляюцца дзясяткі тысячаў чалавек, пераважна студэнты. У Львове, Чарнігаве, іншых гарадах актывісты “Поры” патрапілі пад ціск праваахоўных органаў і арыштаваныя за нібыта знойдзеныя ў іх офісах выбуховыя рэчывы. Аднак сябры арганізацыі дэкляруюць негвалтоўны супраціў, як беларускі “Зубр” і сэрбскі “Отпор”. Гаворыць Андрэй Юсаў:
“Калі параўноўваць “Пару” і “Отпор”, то ёсьць адна вельмі істотная дэталь, якая аб’ядноўвае гэтыя кампаніі, – гэта негвалтоўныя дзеяньні. Мы не можам параўноўваць нейкія палітычныя моманты і нашыя дзеяньні, бо занадта розныя мы краіны”.
Адын з каардынатараў беларускага руху “Зубр” Уладзімір Кобец быў адным з тых, хто дзяліўся досьведам з украінскай моладзьдзю. Спачатку ён супрацоўнічаў з рознымі моладзевымі арганізацыямі:
“Для іх мы праводзілі трэнінгі, дзе мы не навучалі іх, што рабіць, а проста дзяліліся досьведам. Сэрбы сваім досьведам, “Зубр” – сваім. Так мы праехалі ўсю Ўкраіну. І літаральна празь некалькі месяцаў украінскія хлопцы вырашылі распачаць такую кампанію”.
Уладзімір Кобец пад час выбарчай кампаніі ва Ўкраіне прыехаў у Кіеў, да сваіх новых сяброў, якія стварылі Грамадзкую ініцыятыву “Пора”.
“Існуе такі паміж намі няпісаны інтэрнацыянал рухаў супраціву. Гэта сэрбскі “Отпор”, грузінская “Кмара”, беларускі “Зубр”. Вось зараз украінская “Пора” стала паўнавартасным сябрам гэтага “інтэрнацыяналу”. Я хачу сказаць, што калі мы пачыналі працаваць, то падзеі ў Сэрбіі й Беларусі былі для іх легендай. А сёньня я ім сказаў: хлопцы, вы самі ўжо легенда. Вы робіце гісторыю і вы пераможаце”.