Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія лётчыкі затрыманыя ў Кот-д’Івуару 18:15, 11/11/2004
Беларускае дыпляматычнае ведамства заявіла, што дзяржаўныя органы грамадзян Беларусі ў гэтую афрыканскую краіну не накіроўвалі. Аднак чацьвёра беларускіх грамадзян кажуць, што знаходзяцца ў Кот-д’Івуары ды іх затрымалі вайскоўцы францускага Замежнага легіёну. Камандзір экіпажу заяўляе, што мае з сабой беларуска-івуарскае міжурадавае пагадненьне аб вайсковай дапамозе, на падставе якога яны там працуюць.
На чарговым брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў яго прэсавы сакратар Андрэй Савіных адказаў на пытаньне «Радыё Свабода», ці вядзецца цяпер эвакуацыя грамадзян Беларусі з Кот-д’Івуару, дзе працягваецца ваенны канфлікт. Паводле спадара Савіных, МЗС цяпер правярае інфармацыю, распаўсюджаную вядучымі сродкамі масавай інфармацыі са спасылкай на міністра абароны Францыі — пра мажлівы ўдзел беларускіх грамадзянаў у гэтым канфлікце. Ён дадаў, што сёньня з упэўненасьцю можа сказаць толькі адно: “Беларускія грамадзяне па лініі органаў дзяржаўнага кіраваньня ў Кот-д’Івуар не накіроўваліся”.
Аднак «Радыё Свабода» ўдалося зьвязацца з тымі 15 мэханікамі ў Кот-д’Івуары, пра якіх раней паведаміў палкоўнік Корэ з івуарскага Міністэрства абароны. Як выявілася, сярод іх 3 расейцы, 8 украінцаў і 4 беларусы. Самалёт Ан-12, які мусіў перавезьці нейкія харчы ўнутры Кот-д’Івуару й на якім працавалі гэтыя 15 чалавек, ня зьнішчаны. Ён стаіць у аэрапорце Абіджану. Палонныя лётчыкі з СНД кажуць, што харчуюцца грузам, які ёсьць на борце іх самалёта. Камандзір экіпажу Міхаіл, грамадзянін Расеі, адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але паведаміў:
“Мы прыляцелі досыць даўно, мы працуем тут паводле кантракту. Наш самалёт транспартны, мы перавозім для ўраду грузы любыя, якія ім трэба”.
На пытаньне, ці былі сярод гэтых грузаў вайсковыя, Міхаіл вырашыў не адказваць. Затое заяву МЗС Беларусі пра тое, што беларускіх грамадзян у Кот-д’Івуары па дзяржаўнай лініі няма, камандзір экіпажу пракамэнтаваў гэтак:
“Як жа няма, калі ёсьць у мяне дакумэнты — у мяне ў партфэлі ляжаць: міжурадавае пагадненьне паміж Рэспублікай Беларусь і Кот-д’Івурам аб ваеннай узаемадапамозе ў пляне абслугоўваньня тэхнікі…”
Палкоўнік Корэ зь Міністэрства абароны Кот-д’Івуару ў чацьвер зноў пацьвердзіў «Радыё Свабода», што гэтыя 15 чалавек маюць кантракт з івуарскай арміяй і абслугоўвалі вайсковыя самалёты.