Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хто аплачвае паездкі расейскіх журналістаў у Беларусь? 14:30, 15/12/2004
Ад пачатку году ўжо пятая група расейскіх журналістаў пачынае вандраваць па Беларусі на запрашэньне беларускага боку. Гэтым разам тры дзясяткі прадстаўнікоў расейскіх мас-мэдыяў будуць знаёміцца з аграпрамысловым комплекскам на прыкладзе Берасьцейшчыны. Журналісты прабудуць у Беларусі да канца тыдня, а назіральнікі тым часам падлічылі, што вандроўкі расейцаў каштавалі беларускаму боку дзясяткі тысяч даляраў, паведаміла «Радыё Свабода».
Упершыню паміж візытамі розных групаў расейскіх журналістаў не прайшло нават і тыдня. Калі папярэдняя каманда знаёмілася з досьведам працы сталічнай гаспадаркі, то новая партыя расейскіх гасьцей пачынае вандроўку па Берасьцейскім рэгіёне. Для іх заплянаваная паездка ў Белавескую пушчу і мэмарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасьць-герой”, а сёння ў суправаджэньні кіраўніка аблвыканкаму Канстанціна Сумара яны наведаюць шэраг прадпрыемстваў — у прыватнасьці, малочны камбінат, прадпрыемства “Інка-Фуд” і некаторыя іншыя.
Пасьля гэтага журналістаў прывязуць у Менск, дзе яны сустрэнуцца з прадстаўнікамі адміністрацыі Лукашэнкі й шэрагу міністэрстваў, наведаюць агракамбінат “Ждановічы” і Менскую птушкафабрыку.
Адметна, што беларускіх журналістаў у Расею цягам апошніх гадоў ніхто не клікаў. А ці практыкуецца досьвед запрашэньня вялікай колькасьці журналістаў з адной і той жа краіны на Захадзе?
“Бываюць такія выпадкі, калі дзяржава хоча зьвярнуць увагу на нейкую падзею, то можа запрашаць журналістаў зь іншых краінаў. Але пра масавы характар такой зьявы я, прынамсі, ня чуў. У дадзеным жа выпадку гаворка пра саюзную краіну... І мне здаецца, што гэта папросту прамоцыя дзяржавы, бо журналісты будуць пісаць ужо крыху інакш, магчыма, лепей, калі хто пісаў дагэтуль кепска. Так што, напэўна, у гэтым ёсьць свой эфэкт. І гэта вельмі цікавая зьява ў палітыцы”, -- кажа карэспандэнт Грамадзкага радыё Польшчы Ўладзімер Пац.
Стала вядома, што за свае візыты расейскія журналісты атрымліваюць прыстойныя нават па мерках расейскіх фэдэральных выданьняў камандзіровачныя — 48 даляраў на суткі. Фармальна выдаткі аплачваюцца зь беларускай часткі бюджэту так званай «саюзнай дзяржавы», што ў любым выпадку ёсьць грашыма беларускіх падаткаплатнікаў. З улікам, што цягам году Беларусь наведалі паўтары сотні расейцаў, сума выдаткаў немалая. Да таго ж, трэба памятаць, што запрошаныя расейскія журналісты ня плацяць за праезд, пражываньне і харчаваньне. Падобны расклад шмат каму падабаецца: калі зыходзіць з прозьвішчаў і выданьняў, якія журналісты прадстаўляюць, то некаторыя паставілі паездкі ў Беларусь на сталую аснову. Минск, Белоруссия