Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Amnesty International»: Пасьля рэфэрэндуму сытуацыя ў Беларусі пагоршылася 17:01, 16/12/2004
Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” выдала адмысловае паведамленьне, у якім канстатуе істотнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасьля кастрычніцкіх выбараў і рэфэрэндуму. “Amnesty International” таксама нагадвае, што Расея ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў заблякавала абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі.
На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі, свабода выказваньняў, крытыка ўладаў робяцца ў Беларусі ўсё больш небясьпечнай справай.
У паведамленьні “Amnesty International” прыгадваюцца выпадкі перасьледу за крытыку: прыцягненьне Гары Паганяйлы да крымінальнай адказнасьці за інтэрвію швэдзкай тэлевізіі, абвінавачваньне Анатоля Лябедзькі ў паклёпе на прэзыдэнта, прыпыненьне выхаду гарадзенскай газэты “Біржа інфармацыі” і накладаньне штрафу на яе рэдактара Алену Раўбецкую, адміністрацыйны арышт журналіста Паўла Мажэйкі, выклік у пракуратуру журналісткі Ірыны Халіп.
У паведамленьні “Amnesty International” адзначаюцца жорсткія дзеяньні міліцыі супраць удзельнікаў мірных маніфэстацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму, зьбіцьцё Анатоля Лябедзькі, адміністрацыйныя арышты і штрафы 40 удзельнікаў гэтых акцыяў пратэсту.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікае міжнародную супольнасьць учыняць ціск на беларускія ўлады, каб прымусіць іх спыніць парушэньне правоў чалавека, паведаміла «Радыё Свабода».