Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць прысуд Міхаілу Марынічу 10:57, 05/01/2005
Беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць прысуд былому міністру замежнаэканамічных сувязяў і экс-амбасадару Міхаілу Марынічу. Меркаваньні Станіслава Шушкевіча, Сяргея Калякіна і Міколы Статкевіча на “Радыё Свабода”.
Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч лічыць вынесены Міхаілу Марынічу прысуд — пяць гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці — выключна палітычным рашэньнем:
“Марыніч — чалавек вядомы, якога ня трэба “раскручваць”. Ён быў мэрам Менску, дэпутатам Вярхоўнага Савету, амбасадарам, ён быў адмысловым пасланьнікам у Нямеччыне, калі быў урад Кебіча. Ён працаваў з усімі. Што хочаце магу сябе ўявіць, але, каб Марыніч быў злодзеем, я сабе ўявіць не магу. Гэта палітычны захад, выкананьне загаду зьверху, таму што не такія дурныя ў нас судзьдзі, не такія дурныя пракуроры, каб не ўсьведамлялі, што робяць. Але гэта ганьба, што яны гэта робяць, таму што гэтым яны, як мне здаецца, пілуюць сук пад сабой”.
Камэнтар лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Міколы Статкевіча:
“Я ацэньваю гэты прысуд як спробу запалохваньня ўсіх тых, хто спрабуе яшчэ публічна выступаць супраць дыктатуры, якая ўжо, можна казаць, рэальна ўсталявалася ў нашай краіне”.
Несправядлівым і палітычна матываваным назваў рашэньне суду лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін:
“Я думаю, што гэта зроблена дзеля навучаньня астатніх, тых, хто працаваў ці працуе ў намэнклятуры, што нельга выступаць супраць рэжыму. Я ацэньваю гэта як палітычнае рашэньне супраць аднаго з актыўных барацьбітоў з рэжымам Лукашэнкі”. Минск, Белоруссия mmmmm