|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Стратэгія грамадзянскіх дзеяньняў 14:43, 11/01/2005
”Свабодная Беларусь” Сёньня Еўропа падыйшла да свайго новага рубяжа – поўнага вызваленьня ад таталітарных ды аўтарытарных рэжымаў. Новая хваля дэмакратычных рэвалюцый ў Сэрбіі, Грузіі і Украіне засьведчыла нежаданьне народаў гэтых краін жыць ва ўмовах несвабоды. Сёньняшні беларускі рэжым стварыў адзін з самых жорсткіх апаратаў падаўленьня грамадзянскіх свабод постсавецкага пэрыяду. Беларусь стала краінай, дзе захоўваецца апошняя дыктатура Еўропы. Відавочна, што дзеючая ўлада не дазволіць правесьці ў Беларусі дэмакратычныя, справядлівыя й празрыстыя выбары, а, адпаведна, любая выбарчая кампанія можа стаць толькі штуршком да палітычных трансфармацый і эканамічных рэформ. Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, заяўляем: Беларусь падыйшла да такога моманту, калі дэмакратычным сілам неабходна выпрацаваць новую дзейсную стратэгію, якая дазволіць кардынальна змяніць сітуацыю ў краіне. Беларуская дэмакратычная апазыцыя мусіць правесьці рэструктурызацыю сваіх сіл. Палітычным партыям, што ўваходзяць у Еўрапейскую Кааліцыю і Народную Кааліцыю “5+”, неабходна выпрацаваць механізмы аб’яднаньня і вылучэньня палітычных лідэраў дэмакратычных сіл, якія здольныя рэальна змагацца за палітычную ўладу і правесьці эканамічныя рэформы ў краіне. Суб’екты грамадзянскай супольнасьці мусяць засяродзіць свае высілкі на распрацоўцы эфектыўнай стратэгіі грамадзянскіх дзеяньняў, грамадзкім кантролі забесьпячэньня правоў ды свабод грамадзянаў, стварэньні дасканалай сыстэмы грамадзянскай салідарнасьці. Мы зьвяртаемся да суайчыньнікаў: Усе мы – грамадзяне Беларусі, і кожны з нас хоча жыць у еўрапейскай свабоднай, бясьпечнай, стабільнай і квітнеючай краіне. Кожны з нас адказны перад сваімі дзецьмі й унукамі за тое, што адбываецца ў нашай краіне і за яе будучыню. Кожны з нас можа дапамагчы Беларусі вярнуцца на шлях дэмакратыі, прыклаўшы да гэтага свае сілы і здольнасьці. Будзем разам, і Беларусь стане вольнай! Ад імя грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская і Сьвятлана Завадзкая Ад імя грамадзянскай ініцыятывы “Свабоду палітзьняволеным!” Ігар Марыніч і Павал Марыніч Ад імя Агульнарэспубліканскага Страйкаму прадпрымальнікаў Уладзімер Леванеўскі Ад імя грамадзянскай ініцыятывы “Антыфашысцкае дзеяньне” Юры Хашчавацкі Ад імя грамадзянскай ініцыятывы “TERRA-Канвэнцыя” Валер Дранчук Ад імя моладзевай грамадзянскай ініцыятывы ”Волат” Зьміцер Бародка Ад імя грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка Ад імя грамадзянскай ініцыятывы “Ветэраны за дэмакратыю” Валер Шчукін Заява Рады і вынікі яе паседжаньня камэнтуе Андрэй Саньнікаў, які падпісаў дакумэнт ад імя грамадзянскай ініцыятывы Хартыя`97: «Прайшоў пэрыяд выбараў і рэфэрэндумаў, лепш сталі бачныя як моцныя, гэтак і слабыя бакі дэмакратычных сілаў Беларусі. Стала відавочна, што без сур’ёзнай рэструктурызацыі дэмакратычнай супольнасьці на якія-небудзь посьпехі наўрад ці можна разлічваць. На нашу думку, сёньня неабходна правесьці размежаваньне паміж палітычнымі партыямі і грамадзянскай супольнасьцю. Менавіта таму мы абмеркавалі гэты падыход у рамках Еўрапейскай кааліцыі і заявілі, што мы не прэтэндуем на ўдзел у палітычным спэктры, не зьбіраемся ствараць сваю партыю альбо ўдзельнічаць у якіх бы то ні было выбарах у якасьці кандыдатаў. Можа быць з-за недакладнага разуменьня ролі грамадзянскай супольнасьці з нашага боку і з боку палітычных партый узьнікалі пэўныя канфлікты падчас палітычных кампаній у Беларусі. Сёньня партыі, што ўваходзяць у Еўрапейскую кааліцыю, пачалі весьці вельмі неабходны працэс перамоваў з “Пяцёркай плюс”, які, несумненна, мусіць быць працягнуты і мусіць прывесьці да рэальнага аб’яднаньня дэмакратычных палітычных партый. Мы ж з свайго боку будзем займацца, па вялікім рахунку, тым, чым і займаліся раней. Перш за ўсё, гэта абарона правоў і свабод грамадзянаў Беларусі, умацаваньне салідарнасьці ўнутры грамадзянскай супольнасьці, асьветніцкая дзейнасьць. Я думаю, што такі распадзел абавязкаў паміж суб’ектамі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі мусіць даць свае вынікі”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|