Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Штогадовы даклад Human Rights Watch: у цэнтры ўвагі постсавецкія краіны 11:40, 14/01/2005
Адна з асноўных сусьветных праваабарончых арганізацыяў, Human Rights Watch (HRW) прэзэнтавала 13 студзеня свой даклад аб стане правоў чалавека ў 64 краінах сьвету ў 2004 годзе. Палова дакладу HRW прысьвечаная праблемам постсавецкіх краінаў. На думку арганізацыі, з усіх постсавецкіх краінаў толькі Ўкраіна выказвае прыкметы станаўленьня адкрытага грамадзтва. Расею крытыкуюць за міліцэйскія катаваньні, “дзедаўшчыну” ў войску, зьнікненьні й забойствы ў Чачэніі, а таксама татальны кантроль Крамля над СМІ і мясцовымі ўладамі. “Беларусьсю ж кіруюць так, быццам гэта савецкая краіна”, -- заяўляе Рэйчэл Дэнбэр – кіраўніца сэкцыі HRW ў справах Эўропы й Сярэдняй Азіі. Фальшаваньне выбараў у кастрычніку і беспрэцэдэнтны гвалт супраць мэдыяў і грамадзянскай супольнасьці Дэнбэр ставіць у віну Аляксандру Лукашэнку, паведамляе «Радыё Свабода».
“Калі бачыш адсутнасьць зьменаў, калі бачыш бясконцыя выбары, якія па сутнасьці толькі пустыя практыкаваньні, каб заткнуць рот апазыцыі, мусіш адзначаць пагаршэньне сытуацыі. Калі мы бачым, што дзяржава распраўляецца з грамадзянскай супольнасьцю і прэсаю, мы бачым, што сытуацыя ня толькі засталася на ранейшым узроўні, а нават пагоршылася”, --заяўляе кіраўніца сэкцыі HRW ў справах Эўропы й Сярэдняй Азіі.
HRW згадвае справу Валерыя Леванеўскага й Аляксандра Васільева, Міхаіла Марыніча, адхіленьне палітычных апанэнтаў ад выбарчай кампаніі, судовы перасьлед і дыфамацыю ў афіцыйнай прэсе Беларускага Хэльсынскага камітэту, перасьлед і ліквідацыю незалежных прафэсійных зьвязаў, у тым ліку арышт Аляксандра Ярашука, старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных зьвязаў; асабліва адзначаецца зьнішчэньне незалежных мэдыяў і рэпрэсіі супраць журналістаў.
Напрыканцы дакладу HRW пералічвае міжнародныя арганізацыі і дзеячаў, якія ўзялі чынны ўдзел у вырашэньні беларускага пытаньня. Гэта Хіна Джылані, спэцпрадстаўніца ААН у справе праваабарончых рухаў, якая выступіла ў абарону БХК; АБСЭ, якая асудзіла рэпрэсіі супраць Леванеўскага, Васільева, а таксама супраць Эўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Згадваецца ПАРЭ, якая зрабіла спэцдаклад у справе зьніклых і асудзіла перасьлед праваабаронцаў Тацяны Рэвякі й Гары Паганяйлы. Камісія па правох чалавека ААН прыняла адмысловую рэзалюцыю аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і прызначыла спэцыяльнага ўпаўнаважанага. Эўразьвяз увёў санкцыі супраць чыноўнікаў, датычных да зьнікненьняў людзей, у тым ліку забараніўшы ім уезд на сваю тэрыторыю. Урад ЗША двойчы крытыкаваў Беларусь за фундамэнтальныя парушэньні правоў чалавека, прэзыдэнт Буш падпісаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, якім увёў санкцыі супраць афіцыйных асобаў і дэкляраваў падтрымку дэмакратычнай супольнасьці.
Падрабязна даклад можна прачытаць на www.hrw.org Минск, Белоруссия