Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Эўрапейскія арганізацыі занепакоеныя справай Марыніча 10:57, 14/01/2005
Люксэмбург, які ў першай палове 2005 году старшынюе ў Эўразьвязе, 13 снежня абнародаваў дэклярацыю наконт справы Міхаіла Марыніча. Гэтае ж пытаньне ўчора ў Вене абмяркоўваў новы дзейны старшыня АБСЭ — міністар замежных справаў Славеніі Дзімітры Рупэл, павкдамляе “Радыё Свабода”.
Паводле абнародаванай у чацьвер у Брусэлі дэклярацыі, Эўрапейскі Зьвяз пільна сачыў за працэсам над Міхаілам Марынічам у Менскім раённым судзе. Эўразьвяз нагадвае, што ў нядаўнім лісьце міністру замежных справаў Беларусі тагачасны старшыня Рады міністраў Эўразьвязу Бэрнард Бот заклікаў беларускія ўлады забясьпечыць свабодны і публічны судовы працэс.
“Гэтага не адбылося”, — гаворыцца ў дэклярацыі, дзе таксама зазначаецца, што спадар Марыніч быў асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня, наступнай 3-гадовай забароны займаць грамадзкія пасады і канфіскацыі маёмасьці за нібыта незаконнае выкарыстаньне кампутараў, якімі валодае амбасада ЗША. Злучаныя Штаты абвесьцілі, што не вылучаюць ніякіх прэтэнзіяў да спадара Марыніча ў зьвязку з кампутарамі.
“Эўрапейскі Зьвяз мяркуе, што гэта быў палітычна матываваны працэс, які скончыўся несувымерным прысудам паводле сумнеўнага абвінавачаньня”, — гаворыцца ў дэклярацыі Люксэмбургу. Эўрапейскі Зьвяз таксама лічыць, што працэс супраць спадара Марыніча зноў ставіць пад пытаньне частыя заявы Беларусі пра жаданьне паважаць фундамэнтальныя прынцыпы грамадзянскіх правоў.
Эўразьвяз занепакоены, што такога кшталту прысуды могуць паслужыць толькі далейшаму абмежаваньню разьвіцьця дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам. “Таму Эўразьвяз заклікае да перагляду прысуду, улічваючы прыроду абвінавачаньняў супраць спадара Марыніча”, — зазначае дэклярацыя, у якой таксама гаворыцца, што Эўрапейскі Зьвяз будзе пільна сачыць за апэляцыяй.
Апрача 25 краін Эўразьвязу, дэклярацыю падтрымалі Баўгарыя, Румынія, Харватыя, Альбанія, Босьнія й Герцэгавіна, Македонія, Сэрбія й Чарнагорыя, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн і сябры Эўрапейскай эканамічнай зоны.
Напярэдадні ў Варшаве міністры замежных справаў Аўстрыі, Вугоршчыны, Славеніі, Чэхіі і Славаччыны выказалі занепакоенасьць лёсам Міхаіла Марыніча. А кіраўнік менскага офісу АБСЭ Эбэрхард Хайкен па тэлефоне зь Вены пацьвердіў “Радыё Свабода”, што дзейны старшыня арганізацыі абавязкова абмяркуе зь ім справу Марыніча. Минск, Белоруссия mmmmm