Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міхаіл Марыніч будзе працягваць барацьбу 10:55, 20/01/2005
Былога міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча трымаюць у сьледчым ізалятары Міністэрства ўнутраных справаў на вуліцы Валадарскага ў Менску. 19 студзеня вязьня наведаў ягоны старэйшы сын Павал Марыніч. “Чалавек не зламаны, сканцэнтраваны. Заяўляе, што абсалютна ўсе абвінавачаньні супраць яго прыдуманыя і сьведчаць пра тое, што рэжым яго баіцца”, -- распавёў ён для «Радыё Свабода» пра сустрэчу з бацькам. Міхаіл Марыніч заяўляе, што ня спыніць барацьбы за ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі й выказвае ўдзячнасьць усім, хто яго падтрымлівае.
Былы міністар і амбасадар узрушаны ўбачаным у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.
“Знаёмых, казаў, — палова турмы. Ён зьбіраецца напісаць асобны артыкул пра тое, што адбываецца ў ізалятары. Бо там некаторых вязьняў месяцамі трымаюць за такія дробныя парушэньні, што жах”, — распавёў Павал Марыніч.
Міхаілу Марынічу стан у вязьніцы нагадаў стан ва ўсёй краіне, дзе людзі пазбаўленыя асноўных правоў, сказаў Павал Марыніч. Ён быў зьдзіўлены расповедам бацькі пра тое, як да яго ставяцца вязьні ізалятару:
“Казаў, калі вядуць па калідорах турмы і зь некім ён сустракаецца, усе яго пазнаюць, усе яго ведаюць, кажуць: “Трымайцеся, мы з вамі”. Казаў, велізарная падтрымка ўсіх, хто ёсьць у ізалятары”.
Паводле Паўла Марыніча, бацька перадаў вялікі дзякуй на волю ўсім, хто яго падтрымлівае. Ён назваў амбасадара Гайкена, які даслаў яму віншаваньне зь нядаўнім днём нараджэньня, а таксама падзякаваў тым прадстаўнікам замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, якія за яго заступаліся. Умовы ўтрыманьня Міхаіл Марыніч назваў здавальняючымі, сказаў Павал Марыніч. У камэры шасьцёра, ёсьць тэлевізар, але колькасьць праграмаў абмежаваная. Харчаваньне прыкладна тое ж, якое давалі ў ізалятары КГБ, але ёсьць магчымасьць падсілкоўвацца за кошт перадачаў з волі. Больш Міхаіл Марыніч заклапочаны тым, што марудна ідзе працэс абскарджваньня вынесенага яму прысуду.
“З суду дагэтуль не перадалі пратаколу судовага паседжаньня, хаця мусілі гэта зрабіць за дзесяць дзён. Гэта ёсьць грубым парушэньнем. Судзьдзя спасылаецца на тое, быццам яна нешта вычытвае”, — паведаміў сын Міхаіла Марыніча.
Паводле Паўла Марыніча, без пратакола судовага паседжаньня Міхаіл Марыніч ня ў стане падрыхтаваць дадатковай скаргі на вынесены яму прысуд.
Пры канцы мінулага году суд Менскага раёну прызнаў Міхаіла Марыніча вінаватым у крадзяжы маёмасьці грамадзкай арганізацыі і асудзіў яго да 5 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У 2001 годзе Міхаіл Марыніч спрабаваў вылучыцца на прэзыдэнта Беларусі, пасьля перайшоў у адкрытую апазыцыю да Аляксандра Лукашэнкі й заяўляў, што зьбіраецца ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Белоруссия mmmmm