|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Уладзімір Кобец: «Давайце набліжаць перамены» 15:46, 21/01/2005, Вольга Класкоўская, «Народная воля»
- Мы дамагаемся таго, каб улада ў нашай краіне была дэмакратычнай і чэснай. Мы ўпэўнены, што ў Беларусі толькі адзін шлях - еўраінтэграцыя, - гаворыць Уладзімір. - Якія метады ў сваёй барацьбе вы выкарыстоўваеце? - З самага пачатку заснавання "Зубра" было акрэслена, што наш супраціў негвалтоўны, мірны. I ні разу за час свайго існавання мы не адказвалі гвалтам на тыя рэпрэсіі, якія ў адносінах да нас мелі месца. Хаця за чатыры гады праваабарончая служба "Зубра" зафіксавала больш за дзве тысячы фактаў рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да нашых актывістаў. Я перакананы, што зло параджае яшчэ большае зло. I чым больш яго будзе ў палітыцы і жыцці, тым меншых вынікаў мы даб`ёмся. Тыя рэпрэсіі, што ажыццяўляюцца ў адносінах да беларускіх грамадзян і актывістаў руху, застануцца на сумленні людзей, якія гэта робяць. Надыдзе час, калі за злачынствы ім давядзецца расплачвацца. - Колькі актывістаў налічваецца ў вашых шэрагах? - Мы не палітычная партыя і жорсткіх улікаў не вядзём. У розныя часы "Зубр" налічваў ад дзвюх да пяці тысяч актывістаў і тысячы валанцёраў. У "Зубры" няма адзінага лідэра, рух складаецца са шматлікіх маладзёжных аб`яднанняў, якія кіруюцца агульнымі для ўсіх у "Зубры" прынцыпамі. Любы малады чалавек, што да нас прыходзіць, можа знайсці сабе тую форму барацьбы, якая для яго зараз прымальная. Ен можа быць валанцёрам - раздаваць улёткі і газеты - ці стаць актывістам, які прымае ўдзел у вулічных акцыях. Мы кіруемся прынцыпамі, што павінны быць удзячныя кожнаму чалавеку, які патраціў хоць гадзіну на нашы агульныя мэты. Сёння самая адказная частка грамадства - моладзь. I людзі, якія прайшлі праз "Зубр", - сапраўды мужныя і годныя. Кожны дзень яны рызыкуюць сваім здароўем, вучобай і нават жыццём. Таму будучыня менавіта за такімі людзьмі, я перакананы. - Часам у ваш бок кідаюць папрокі, маўляў, "Зубр" здольны толькі да вулічнага супраціву... - Ну ўжо дакладна мы не кабінетная арганізацыя! Яшчэ ў Белавежскай пушчы мы прыйшлі да агульнай высновы, што, седзячы ў офісах, сітуацыю ў Беларусі не зменіш. Паколькі ў нашай краіне немагчыма атрымаць доступ да электронных сродкаў масавай інфармацыі - усюды навязванне дзяржаўнай ідэалогіі, у нашай барацьбе мы мусім дзейнічаць усімі законнымі спосабамі. Гэта і вулічны пратэст, і інфармаванне людзей праз улёткі, газеты, буклеты. А наконт таго, што папракаюць-не папракаюць... Няхай хтосьці паспрабуе дзейнічаць па-іншаму і пераканае нас, што гэта эфектыўна, - абы карысць была для Беларусі! Мы не супраць. - На кожнай акцыі апазіцыі "Зубр" - у першых шэрагах. I кожны раз вулічная акцыя пазіцыянуецца як лёсавызначальная і масавая, а насамрэч развязка заўсёды класічная - малая колькасць удзельнікаў, дзесяткі затрыманых, асуджаных, збітых... Які сэнс так падстаўляцца? - Наконт малой колькасці я не пагаджуся. Беларусь, у прынцыпе, невялікая краіна. I мэта нашых акцый у першую чаргу - данесці інфармацыю да грамадства і звярнуць увагу на праблему! I сёння тая сотня людзей, што выходзіць на плошчу з партрэтамі зніклых, дэманструе ўсёй краіне і ўсяму свету, што ёсць такая праблема, і беларусаў гэта хвалюе, стварае рэзананс, прыцягвае ўвагу міжнароднай грамадскасці. А што, было б лепш, каб наогул усе маўчалі? Паводле ўсіх сацыялагічных апытанняў, большасць беларускага насельніцтва прагне зменаў, еўраінтэграцыі і не верыць байкам прапагандысцкіх падпявалаў. Але людзі запалоханы і лічаць за лепшае выказваць свой пратэст на кухнях. Чаму ў нас не выходзіць столькі людзей, колькі ва Украіне? Адказ на пытанне трэба шукаць у самой прыродзе існуючага рэжыму і ў дзейнасці палітычнай апазіцыі. Людзі чакаюць нейкага імпульсу. I падзеі ва Украіне паказалі, што можа стаць такім імпульсам. - Ваша тактыка адносна будучых прэзідэнцкіх выбараў? - "Зубр" ніколі не быў абслугай для нейкіх палітычных сіл ці для пэўнага палітыка. Сёння мы хацелі б, каб партыі ўрэшце прыйшлі да кансенсусу і вылучылі годнага лідэра са свайго асяродку. Чалавека, які здолеў бы аб`яднаць грамадства, быў вартым нашага народа. Мы ведаем, што ў Беларусі такія людзі ёсць. "Зубр" будзе ўважліва сачыць за гэтым працэсам і па магчымасці аказваць падтрымку. Адразу скажу, што сваіх кандыдатаў мы не вылучаем, паколькі не з`яўляемся палітычнай партыяй. Папярэднія кампаніі яскрава засведчылі "празрыстасць выбарчых працэсаў" у Беларусі, таму хацелася б, каб чалавек, які стане адзіным кандыдатам, разумеў, што напрыканцы выбарчай гонкі яму давядзецца сутыкнуцца са многімі выклікамі і ў кульмінацыйны момант браць на сябе адказнасць. - Улада рана ці позна зменіцца. Што будзе з "Зубрам"? - Рашэнне аб сваіх дзеяннях "Зубр" будзе прымаць толькі пасля інаугурацыі новага, дэмакратычна абранага прэзідэнта Беларусі. Сёння разважаць пра тое, што будзе з рухам, несвоечасова і шкодна. Адзінае, што не можа выклікаць сумневу, - мы будзем працаваць на Беларусь і на яе будучыню. Я перакананы: вопыт, што мы назапасілі, запатрабаваны іншымі народамі, якія зараз церпяць ад дыктатуры. I задача беларусаў - падзяліцца з імі здабыткамі свабоды. Увесь час мы адчувалі і адчуваем падтрымку ад маладзёжных рухаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, і я перакананы, што мы і самі мусім быць салідарнымі з іншымі. Рана ці позна трэба аддаваць даўгі. Але першапачаткова мы павінны вырашыць праблемы ўнутры сваёй краіны. Дык давайце ж агульнымі высілкамі набліжаць гэтыя перамены. Белоруссия
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|